Прызначылі новага спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі
Сёння ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Савета ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нілс Муйжніекс з Латвіі, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.
11.10.2024 / 18:47
60-гадовы Нілс Муйжніекс — эксперт у сферы абароны правоў чалавека з 25-гадовым вопытам. Ён займаў пасаду камісара па правах чалавека ў Радзе Еўропы, узначальваў рэгіянальнае прадстаўніцтва Amnesty International у Еўропе і супрацоўнічаў з беларускімі праваабаронцамі.
Спецыяльны дакладчык ААН праводзіць незалежны маніторынг таго, што адбываецца з правамі чалавека ў нашай краіне, рэгулярна рыхтуе рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі. Акрамя таго, ён адсочвае выкананне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у сферы павагі і захавання правоў чалавека.
Раней пасаду спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі з 2018 года займала Анаіс Марын з Францыі. Офіс Святланы Ціханоўскай высока ацаніў яе працу:
«Яе незалежная, адданая і самаахвярная праца прывяла да таго, што сусветная грамадскасць даведалася пра сістэмныя парушэнні, якія адбываюцца ў Беларусі кожны дзень. Яе праца па абароне правоў беларусаў стала значным унёскам у барацьбу за аднаўленне справядлівасці ў нашай краіне».
Працягнулі яшчэ на год мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі
Дакладчыца ААН назвала Беларусь «таталітарнай дзяржавай»
Ізраіль забараніў уезд у краіну генеральнаму сакратару ААН