Што з беларускага кіно пакажуць на фестывалі «Паўночнае ззянне»? Вялікі спіс

З 4 па 21 лістапада пройдзе X кінафестываль «Паўночнае ззянне». У рамках Беларускага конкурсу пакажуць 14 фільмаў (плюс стужкі пазаконкурснай секцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва»). Паказы адбудуцца анлайн і афлайн у Таліне і Вільнюсе, а таксама ўпершыню ў Варшаве. Вось што можна будзе паглядзець.

11.10.2024 / 18:00

«Працэсы»

2023, Польшча

Кадр з фільма «Працэсы»

Калі: 8, 14, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59. 5 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija. 20 лістапада — Талін (дакладны час і месца будуць вядомы пазней)

Рэжысёр Андрэй Кашперскі ператварыў папулярны сатырычны серыял «Працэсы», які ён стварыў сумесна з шоўранерам Міхаілам Зуем, у поўнаметражны фільм. Атрымалася смелая і дасціпная антыўтопія па-беларуску. У цэнтры сюжэту — кафкіянская калекцыя абсурдных анекдотаў пра грамадства, якое паступова трапляе пад уладу татальнага кантролю і прапаганды, дзе людзі ператвараюцца ў «шрубкі» сістэмы. Стужка адлюстроўвае пагрозлівыя працэсы: страх, рэпрэсіі, знішчэнне культуры і чалавечай годнасці, стварэнне вінаватых без віны. Гэта сатыра на рэчаіснасць, дзе лозунгі «Вайна — гэта Мір» і «Свабода — гэта Рабства» становяцца часткай паўсядзённага жыцця.

«Кроў і караоке»

2023, Польшча

Калі: 10, 16, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59. 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija

«Кроў і караоке» — анімацыйная прытча ў абгортцы камедыйнага трылера ад рэжысёра Юрыя Сямашкі, таго самага, які забраў дадому найбольш узнагарод прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24». У гэтай іранічнай крымінальнай анімацыі мы назіраем за баязлівым ахоўнікам супермаркета, які трапляе ў небяспечную сітуацыю. Сямашка спалучае гумар і абсурд, расказваючы гісторыю пра сілу кплівага лёсу.

«Беларусь 23.34»

2023, Бельгія, Украіна, Польшча, Беларусь

Закрыты паказ

Фільм-дакумент, які захоўвае памяць аб 2020 годзе ў Беларусі праз пераказ тых падзей непасрэднымі ўдзельнікамі беларускага пратэстнага руху. Рэжысёрка Таццяна Свірэпа бярэ інтэрв'ю ў 25 чалавек і суправаджае іх расказ архіўнымі відэа тых дзён, што дазваляе гледачу пагрузіцца і быццам самому прайсці ўсё кола гвалту: ад затрымання да вызвалення, — якое прыйшлося прайсці шматлікім беларускам і беларусам.

«Краіна Оз»

2024, Беларусь

Калі: 6, 12, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Фільм пра творчасць у псіханеўралагічным інтэрнаце. Пра самабытнае мастацтва і асаблівых людзей. Пра каханне і вечнасць. Пра тое самае ментальнае «плато», дзе ўсе мы адзіныя і непераможныя. 

«Чамадан»

2024, Польшча

Калі: 9, 13, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59. 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija

Кадр з фільма «Чамадан»

Кароткаметражная стужка Дашы Брыян пра цяжар вымушаных рашэнняў, што прымаюць маладыя людзі ў час войнаў і рэпрэсій. Праз побытавыя дэталі фільм паказвае псіхалагічныя наступствы, якія даганяюць бежанцаў на чужыне, калі яны пакідаюць сваю радзіму, не маючы часу на падрыхтоўку і развагі. Фільм раскрывае, што адбываецца ў душы чалавека, які вымушаны развітацца з домам, сутыкнуўшыся з невядомасцю і цяжкім выбарам наконт свайго будучага.

«Кут чужога шчасця»

2024, Германія

Калі: 7, 15, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59. 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija

Псіхалагічная драма, у якой Соня Харытанюк адлюстроўвае актуальную тэму дамашняга аб'юзу ў беларускіх рэаліях. Па сюжэце: дабрадзейная дзяўчына з артадаксальнай сям'і падвяргаецца сэксуальнаму гвалту.

«Выбар»

2023, Польшча

Калі: 9, 13, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59.

Заснавана на рэальных падзеях: што мы адчуваем, калі ідзём на праўладныя выбары. Выбар… Ці ёсць ён… А калі ёсць, што з ім рабіць? Пра гэта разважае Валерый Навічкоў у кароткаметражнай карціне, якая займае часу не больш, чым многія выбары ў нашым жыцці: тры хвіліны.

«Раб танца»

2024, Беларусь

Калі: 5, 17, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59.

Сюррэалістычны тыктокерскі скетч у стылістыцы 80-х пра мары i «жорсткія» рэаліі марнатраўцаў жыцця. Філіп усёй сваёй натурай намагаецца супрацьстаяць пустэчы дзён з дапамогай танца, рамантычнага погляду на свет і новай шчырасці. Што гэта: бесклапотная камедыя ці сатыра на будзённасць?

«Пад шэрым небам»

2024, Беларусь

Калі: 9 лістапада, 19:00 — Варшава, к/т Kinoteka. Квіткі на паказ ужо даступныя.

Кадр з фільма «Пад шэрым небам»

Натхнёны сапраўднымі падзеямі, першы поўнаметражны фільм рэжысёркі Мары Тамковіч распавядае гісторыю журналісткі Лены, якую арыштоўваюць за асвятленне пратэстаў 2020 года. «Пад шэрым небам» — эмацыйная драма пра выбар паміж свабодай і бяспекай у рэаліях палітычнага тэрору ў Беларусі. Міжнародная прэм’ера карціны адбылася на Нью-Ёркскім кінафестывалі Tribeca, акрамя гэтага стужка атрымала ўзнагароду за найлепшы дэбют на найбуйнейшым польскім кінафестывалі ігравых фільмаў у Гдыні.

«Непажаданае сваяцтва»

2024, Германія

Калі: 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija. 20 лістапада — Талін (дакладны час і месца будуць вядомы пазней).

Выкарыстоўваючы вуліцы свайго берлінскага раёна ў якасці фону, рэжысёр, які нарадзіўся ў Беларусі, даследуе сістэматычны характар ​​ваенных злачынстваў ва Украіне і даследуе ўласную адказнасць за гэтую вайну.

«За мяжой рэальнасці»

2024, Беларусь, Расія, Польшча, Украіна

Калі: 10, 16, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59.

«Паралельны» фільм жахаў аб паралельным свеце гарадской ускраіны. Неахайны мужчына гадоў 45 знаходзіць у сваёй паштовай скрыні дзіўны канверт. У ім — аўдыякасета, а на запісе — голас яго сына, які расказвае сваю нялёгкую гісторыю жыцця ў праклятым мікрараёне «‎Валынка».

«Барбі.ру»

2024, Беларусь

Калі: 10, 16, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59.

Кадр з фільма «Барбі.ру»

Саркастычная алюзія на папулярны блокбастар Грэты Гервіг, якая прапануе незалежны беларускі погляд на «рускі свет» і яго рэаліі. Фільм даследуе, што адбываецца, калі лялька Барбі сутыкаецца з жорсткай рэчаіснасцю: макіяж змываецца, на тварах з’яўляюцца сінякі, а пластык не вытрымлівае ціску сапраўднага жыцця. Ці трэба, каб выжыць у гэтым свеце, ператварыцца ў нешта мацнейшае і абляпіцца шыпамі для абароны?!

«Скрозь святло»

2023, Польшча

Калі: 7, 15, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59. 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija.

Ігравая стужка Вікторыі Ягоравай расказвае гісторыю беларускай эмігранткі Наталлі, якая з’ехала ў Польшчу, ратуючыся ад пераследу за ўдзел у пратэстах, а на новым месцы стала ахвярай сэксуальнага дамагання. «Скрозь святло» — меладрама са шчаслівым канцом, у якой тэма нацыянальнай траўмы суседнічае з актуальным еўрапейскім трэндам барацьбы жанчын за свае правы.

«Шэры край»

2023, Польшча

Калі: 9, 13, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59.

Рытм колаў і знаёмыя радкі пра родны кут ператвараюцца ў медытацыйнае падарожжа, напоўненае сімваламі і вобразамі. Станіслаў Багдзя ў сваёй эксперыментальнай кароткаметражнай карціне задаецца пытаннем: ці можна змяніць напрамак у гэтым падарожжы, ці магчыма вярнуцца ў той «шэры край», які існуе толькі ў памяці і душы.

«Транзіт»

2023, Беларусь

Калі: 11, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59.

Эксперыментальны праект, у якім мастак і акцыяніст Аляксей Кузьміч расказвае сваю гісторыю. Яна пра затрыманне і збіццё, уцёкі з ізалятара на Акрэсціна, вымушаную эміграцыю, чарговыя ўцёкі — ужо да прарастання на новых месцах у Еўропе. Нарэшце, пра шлях да месца, з якога ўсё пачалося: Няміга, Беларусь, 9 жніўня 2020. Карціна «Транзіт» дапамагае зразумець творчасць акцыяніста і разабрацца, дык што ж хацеў сказаць аўтар?

***

Беларускія фільмы будзе ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі эстонская кінапрадзюсарка Марэянэ Острат, кінапрадзюсарка і дырэктарка кінафестывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн, беларуская рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка.

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» можна падтрымаць данатам.

Nashaniva.com