Беларус, які вызваліўся пасля паўтара года хіміі, ударыў малатком па сцяне Крамля

Яго арыштавалі на 15 сутак.

11.10.2024 / 15:36

Цвярскі раённы суд Масквы арыштаваў на 15 сутак 32-гадовага Аляксандра Фралова, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля і абліў фарбай фасад Гістарычнага музея, паведамляе Медыязона.

Арышт прызначаны па артыкуле аб непадпарадкаванні супрацоўніку паліцыі (арт. 19.3 КаАП РФ). Фролаў патлумачыў свае дзеянні «асабістай непрыязнасцю да супрацоўнікаў ФСА».

30 верасня беларусу прызначылі 10 сутак арышту за тое, што ён пакінуў на вежы Крамля ля набярэжнай Масквы-ракі «надпіс з абвінавачаннем супрацоўнікаў спецслужбаў у згвалтаванні дзяўчынкі», які «хутка адмылі», як паведамляе выданне Baza.

У студзені 2022 года суд Жлобінскага раёна прыгаварыў Фралова да паўтара года «хіміі» па артыкуле аб грубым парушэнні парадку (арт. 342 КК). У лістападзе 2023 года ён выйшаў на свабоду.

Nashaniva.com