Гайдукевічу прапануюць стаць пратэсным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах

Дата наступных прэзідэнцкіх выбараў афіцыйна пакуль не абвешчана, але магчымых кандыдатаў ужо абмяркоўваюць.

11.10.2024 / 16:15

Алег Гайдукевіч, 2018 год. Фота: «Наша Ніва»

Нядаўна прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч у іранічнай форме выказаўся ў падтрымку Алега Гайдукевіча, раз нікога з апазіцыі ў бюлетэні не дапусцяць. Ідэя ў тым, што, масава прагаласаваўшы за Гайдукевіча, выбарцы могуць паказаць сваю нязгоду з Лукашэнкам.

Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман у эфіры «Обычного утра» пракаментаваў гэту ідэю. Ён лічыць, што калі ідэя падтрымкі Гайдукевіча ў якасці пратэснага кандыдата будзе прасоўвацца праз дэмакратычныя колы, то лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі не пойдзе на выбары.

«Ён жа ідзе толькі па адмашцы», — адзначае Фрыдман і заўважае, што

цяпер перад уладамі стаіць даволі складаная задача знайсці такіх кандыдатаў, за якіх ніхто, нават у рамках пратэсту, не будзе галасаваць.

«Я не ўпэўнены, што Гайдукевіч увогуле з'явіцца. Бо ў яго выпадку вельмі складана ўявіць, што ён можа там высоўваць. Гаварыць, што Лукашэнка — самы лепшы кандыдат? Тое, што ён гаворыць звычайна? У яго ж, у прынцыпе, нават ніякага адрознення ад таго, што гаворыць Лукашэнка, няма. І ў яго няма нічога, чым бы ён мог неяк звярнуць на сябе ўвагу. У гэтым сэнсе не думаю, што там ёсць нейкія сур'ёзныя перспектывы», — разважае Фрыдман.

А каго могуць упісаць у бюлетэнь?

«Там можа быць Лукашэнка, умоўна кажучы, Канапацкая, і, магчыма, нейкі чалавек, які зусім невыразны, зусім незразумелы. Каб іх было хаця б трое. Я думаю, што на менш чым тры кандыдаты яны ўсё ж такі не пагодзяцца», — лічыць Фрыдман.

«Зразумела, тэарэтычна магчымы і Гайдукевіч па прынцыпе: калі іншых няма, то можна і яго ўзяць», — дадае аналітык, але ён не думае, што ўсе раптам пачнуць аддаваць галасы за Гайдукевіча па прынцыпе «толькі б не Лукашэнка».

«Для такой кампаніі Гайдукевіч вельмі ж дзіўная фігура. Калі нешта падобнае пачнецца (а гэта было б вельмі дасціпна сказаць — галасуйце тады ўсе за Гайдукевіча), давайце паглядзім, што пачнецца хутчэй: Гайдукевіч, які дабяжыць да выбаркама і здыме сваю кандыдатуру, або гэтая кампанія, якая набудзе масавы характар у інтэрнэце. Думаю, што ўсё ж такі Гайдукевіч пабяжыць у выбаркам хутчэй», — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Фрыдман.

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»

Гайдукевіч даў інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» выданню і расказаў, чаму члены ягонай партыі выглядаюць як клоны

Лябедзька: Гайдукевіч — гэта палітычны ботакс беларускай палітыкі

Ганна Канапацкая плануе балатавацца на выбарах-2025

Nashaniva.com