Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

«Паглядзеўшы ўжывую на тое, што адбывалася і з іншымі людзьмі, склалася ўражанне поўнага хаосу і маразму», — кажа сям'я Гантароў, якія вярталіся з доўгага еўрапейскага падарожжа.

12.10.2024 / 16:08

Вадзім Гантар вез з сабою дрон. Гэта выклікала вялізныя непрыемнасці. Фота з блога аўтара з pikabu.ru

Гэтая гісторыя з расійскімі байкерамі адбылася ў жніўні. Яе падрабязнасцямі маладыя людзі падзяліліся ў сваім блогу.

Як расказвае Таццяна Гантар, яны з мужам Вадзімам вярталіся ў Маскву пасля доўгага трансеўрапейскага падарожжа — з Турцыі праз краіны Балкан, Венгрыю, Аўстрыю, Германію і Польшчу праз пункт пропуску Тарэспаль 11 жніўня гэтага года. На мяжы былі велізарныя чэргі. Але дзякуючы таму, што яны ехалі на матацыклах, ім удалося пазбегнуць шматгадзіннага чакання.

Польскую мяжу яны прайшлі лёгка — як і ўсе еўрапейскія межы да таго. А вось калі расіяне даехалі да беларускага пункта, іх чакала дэталёвая праверка. «Ніколі нас так не трэслі», —

заўважае Таццяна і расказвае, што іх спачатку адправілі на рэнтген, потым разварушылі ўсе рэчы, пыталіся, навошта ім спатрэбіліся запасныя ланцугі і змазкі і іншыя важныя ў падарожжы на матацыкле рэчы.

«Карацей, прыдзіраліся да ўсяго без выключэння, гэта было падобна да здзекаў. Хацелі дакапацца да гаджэтаў, але ўрэшце знайшлі тое, што шукалі… Гэта быў дрон. Нам, калі шчыра, нават і думкі не прыходзіла, што вывозіць/увозіць з Беларусі іх катэгарычна нельга», — піша жанчына.

Як расказвае жанчына, дрон у іх забралі і некуды аднеслі. Ім сказалі чакаць. Маладыя людзі прачакалі тры гадзіны. «Надышла ноч, і стала жудасна холадна». Калі яе спадарожнік пайшоў даведацца, то яму параілі ўзяць дрон, вярнуцца ў Польшчу і там яго пакінуць. Толькі пасля гэтага мужчына змог бы ўехаць у Беларусь. Дзяўчына ў гэты час павінна была чакаць на трасе па-за тэрыторыяй пункта пропуску. Ад гэтай прапановы яны адмовіліся.

У чаканні на беларускай мяжы. Фота з блога аўтара на pikabu.ru

Але праз шэсць гадзін чакання да пары падышоў памежнік і прапанаваў іншае рашэнне. Адзін з іх павінен быў пакласці дрон у пакет і прайсці разам з ім да пастоў на ўезд у Польшчу, дзе прадаць ці аддаць дрон. Расіянін так і зрабіў, аддаўшы дрон людзям на выездзе з Беларусі.

Але на гэтым справа не скончылася. Байкерам давялося заплаціць штраф у памеры 6000 рублёў (не ўдакладняецца, расійскіх ці беларускіх) за адміністрацыйнае правапарушэнне. Толькі пасля гэтага іх адпусцілі.

Вадзім Гантар з жонкай да прыгодаў на беларускай мяжы. Фота з блога аўтара на pikabu.ru

«У цэлым, паглядзеўшы ўжывую на тое, што адбывалася і з іншымі людзьмі, склалася ўражанне поўнага хаосу і маразму. Я разумею, што людзі, якія працуюць там, усяго толькі выконваюць свае абавязкі, ажыццяўляючы загады звыш, але гэта, спадарства, ужо бесчалавечна», — піша дзяўчына.

Нагадаем, што згаданая забарона на ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў фізічнымі асобамі ў Беларусі дзейнічае з 28 сакавіка гэтага года ў адпаведнасці з указам, падпісаным у верасні 2023 года.

На беларуска-польскай мяжы запрацавала новая паслуга, каб не стаяць у чарзе

«Глядзелі з дакорам, тыпу «чаго прыпёрліся», а ў краме сувеніраў спыталі, навошта мы развязалі вайну». Расійскі турыст пра Беларусь

Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла

Nashaniva.com