Лукашэнка заняўся кукурузай
Аляксандр Лукашэнка сёння на Шклоўшчыне азнаёміўся з вынікамі эксперыменту па вырошчванні кукурузы розных сартоў, піша БелТА.
11.10.2024 / 11:54
Фота: БелТА
Для эксперыменту на полі ААТ «Александрыйскае» сёлета высадзілі 12 сартоў кукурузы: па 6 айчыннай і замежнай селекцыі. Замежныя гатункі прызначаныя ў першую чаргу для вырошчвання на зерне, а айчынныя селекцыянеры заўсёды пераважна працавалі над сіласнымі гатункамі.
Па тэрмінах паспявання замежныя сарты больш раннія, ды і ўраджайнасць на зерне ў беларускіх хоць і добрая, але часам усё ж бывае ніжэй. За апошнія 10 гадоў прадуктыўнасць гібрыдаў вырасла на чвэрць.
«Кукуруза нядрэнная ў нас, што там казаць. Але мы адстаем ад Захаду», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама падкрэсліў, што навукоўцы павінны даваць вынік, і гэта тычыцца не толькі кукурузы, а навуковай сферы ў цэлым.
«Гэта ў бліжэйшы час мы разбярэмся. Камісія цяпер па Акадэміі навук працуе. Я хачу зрабіць выснову па кадрах», — сказаў Лукашэнка.