Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-1

Маёр унутранай службы Мікалай Лаўрыновіч памёр у 43 гады.

11.10.2024 / 13:06

Бальніца СІЗА-1 у Калядзічах. Фота: прэс-служба МУС

Лаўрыновіч быў начальнікам рэжымнага аддзела СІЗА-1 (у народзе гэты следчы ізалятар быў вядомы як Валадарка, але нядаўна ён пераехаў на новы адрас у Калядзічы). 

Мікалай Лаўрыновіч

Паведамляецца, што ён трагічна загінуў. Больш дэталяў невядома.

Згодна з базамі «Белпола», у сістэме папраўчых органаў сілавік працаваў з 1999 года. Пачынаў кантралёрам у СІЗА-1. Працаваў нейкі час таксама ў калоніі № 14 (Навасады, Барысаўскі раён), папраўчых установах адкрытага тыпу № 36 і 34. З 2016 года вярнуўся на работу ў СІЗА-1.

За час працы ў папраўчых установах Лаўрыновічу некалькі разоў рабілі строгія вымовы. Адна з іх — за тое, што будучы пад алкаголем хваліўся службовым пасведчаннем у грамадскім месцы.

Ён праходзіў адным з пацярпелых па крымінальнай справе аб апублічванні персанальных даных сілавікоў, заведзенай у 2020 годзе.

Nashaniva.com