На аўкцыёне прадалі чарговую маёмасць палітвязня Эдуарда Бабарыкі

На электронны аўкцыён пляцоўкі «БелЮрЗабеспячэнне» трапіла нерухомасць асуджанага на 10 гадоў палітвязня Эдуарда Бабарыкі — невялікае офіснае памяшканне ў Мінску. 10 кастрычніка аб'ект прададзены, піша «Люстэрка».

11.10.2024 / 10:02

Офіс, які выставілі на таргі, знаходзіцца на вуліцы Шорнай у Мінску. Гэта цэнтр сталіцы, раён вуліцы Няміга.

Памяшканне размешчана на першым паверсе. Гэта адзін пакой з двума вокнамі, які займае 30,9 м².

Даўжніком па лоце лічыцца Эдуард Віктаравіч Бабарыка. Маёмасць была арыштавана па рашэнні следчых органаў, на яе накладзена забарона на здзяйсненне рэгістрацыйных дзеянняў судовым выканаўцам і рэгіструючым органам.

Паводле даных сэрвісу Kartoteka.by, па гэтым адрасе цяпер зарэгістравана дзейнае ТАА «Флексамір». Паведамляецца, што гэта мікраарганізацыя, дзейнасць якой — мантаж і ўстаноўка прамысловых машын і абсталявання.

На таргі за офіс зарэгістраваліся два ўдзельнікі. Аўкцыён пачаўся 10 кастрычніка а 9.00, стартавая сума склала 129 000 рублёў. У выніку памяшканне было прададзена за 155 445 рублёў.

Nashaniva.com