ЕС адклаў увядзенне новай сістэмы ўезду і выезду

Еўракамісія вырашыла адкласці ўвядзенне Сістэмы ўезду/выезду (EES) — аўтаматызаванага рэестра для падарожнікаў, які павінен быў запрацаваць праз месяц, 10 лістапада. Гэтая сістэма павінна замяніць традыцыйны фізічны штамп у пашпарце, паведамляе Euronews.com.

11.10.2024 / 08:45

«Відавочна, што гэта не пачне працаваць 10 лістапада», — сказала камісар па ўнутраных справах Ілва Юхансан пасля сустрэчы міністраў унутраных спраў краін ЕС у чацвер, адзначыўшы, што тры краіны-члены ЕС прызналі, што яшчэ не гатовыя. Раней дыпламаты ў Бруселі заяўлялі, што гаворка ідзе пра Германію, Францыю і Нідэрланды.

«У нас таксама ёсць некаторыя асцярогі наконт устойлівасці сістэмы», — дадала еўракамісар, прапанаваўшы паступовы падыход, які дазволіць уводзіць EES «крок за крокам».

EES — гэта комплексная рэформа, якая распрацоўваецца ўжо даўно і неаднаразова адкладалася. Яе галоўная мэта — мадэрнізацыя праверак на замежных межах ЕС і замена традыцыйнага фізічнага штампа ў пашпарце.

Сістэма будзе распаўсюджвацца на грамадзян краін, што не ўваходзяць у ЕС, якія прыязджаюць як турысты або з дзелавымі мэтамі і знаходзяцца тут 90 дзён у межах 180-дзённага перыяду.

Пасля ўвядзення сістэмы ў дзеянне, наведвальнікі пры прыбыцці павінны будуць прад’яўляць пашпарты, а таксама фатаграфавацца і рабіць электронны скан адбіткаў пальцаў. Усе ўезды і выезды з бязвізавай Шэнгенскай зоны будуць фіксавацца.

Збор біяметрычных даных і абмен інфармацыяй у рэальным часе закліканы дапамагчы ўладам спыняць дзейнасць тых, хто імкнецца перавысіць тэрмін кароткатэрміновай візы або здзяйсняе махлярства з асабістымі данымі.

У схеме прымуць удзел усе краіны-члены ЕС, акрамя Кіпра і Ірландыі, а таксама чатыры дзяржавы — асацыяваныя члены Шэнгенскага пагаднення: Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя.

На Кіпры і ў Ірландыі штампы ў пашпартах па-ранейшаму будуць ставіцца ўручную.

За што беларусаў могуць дэпартаваць з Польшчы? Тлумачыць польская памежная служба

Рада Еўропы заклікала спрасціць візавы рэжым для беларусаў і не патрабаваць апастылі на дакументах

«Адвакатка проста ашалела». Беларусы па-за шэнген-зонай, у якіх хутка скончыцца пашпарт — пра свой план дзеянняў

Nashaniva.com