Памерла Этэль Кенэдзі

Этэль Кэнэдзі, старэйшына самай вядомай палітычнай сям'і ЗША, пераемніца барацьбы свайго мужа Роберта Ф. Кенэдзі за грамадзянскую справядлівасць, памерла ва ўзросце 96 гадоў. 8 кастрычніка яе шпіталізавалі з інсультам, піша Расійская служба «Радыё Свабоды».

11.10.2024 / 08:33

Этэль Кенэдзі ў 1968 годзе. Фота: Wikimedia Commons

«З сэрцамі, поўнымі любові, мы абвяшчаем пра смерць нашай цудоўнай бабулі Этэль Кэнэдзі», — заявіў у чацвер яе ўнук, былы член Палаты прадстаўнікоў Джо Кэнэдзі III. «Яна памерла сёння раніцай ад ускладненняў, звязаных з інсультам, перанесеным на мінулым тыдні».

«Побач з пажыццёвай працай у сферы сацыяльнай справядлівасці і правоў чалавека наша маці пакінула пасля сябе дзевяць дзяцей, 34 ўнукаў і 24 праўнукаў, а таксама мноства пляменніц і пляменнікаў, якія ўсе яе вельмі любілі», — дадалі ў заяве.

Этэль нарадзілася ў красавіку 1928 года ў Чыкага ў сям'і бізнэсмена Джорджа Скейкеля, заснавальніка кампаніі Great Lakes Carbon Corporation. Дзяцінства яна правяла ў Грынвічы, Канэктыкут, дзе яе сям'я жыла ў вялікім маёнтку. У 1945 годзе паступіла ў каледж Манхэтанвіль. Там жа яна пазнаёмілася з Джын Кэнэдзі, сястрой свайго будучага мужа — Роберта Кенэдзі.

У 1949 годзе Этэль скончыла каледж, атрымаўшы ступень бакалаўра, а ўжо праз год адбыліся яе заручыны, а затым і вяселле з Робертам Кенэдзі. За 18 гадоў шлюбу ў Роберта і Этэль нарадзіліся 11 дзяцей. Яшчэ да шлюбу Этэль пачала дапамагаць свайму мужу ў палітычных справах — спачатку падчас выбараў у Кангрэс, а пазней і падчас прэзідэнцкіх выбараў.

У 1963 годзе, калі ў Даласе быў забіты прэзідэнт Джон Кенэдзі, Роберт пакінуў пасаду генеральнага пракурора і неўзабаве быў абраны ў Сенат ЗША. У 1968 годзе ён вырашыў балатавацца на пасаду прэзідэнта. 5 чэрвеня ён быў забіты, выступаючы з прамовай у якасці пераможцы на праймерыз у Каліфорніі.

Этэль Кэнэдзі больш не выходзіла замуж. Яна перажыла двух сыноў. Дэвід памёр у 1984 годзе ва ўзросце 28 гадоў ад перадазіроўкі наркотыкамі. Майкл памёр праз 13 гадоў — урэзаўся ў дрэва падчас катання на лыжах. У год смерці мужа Этэль заснавала некамерцыйную арганізацыю Robert F. Kennedy Human Rights (цяперашняя назва) па абароне правоў чалавека. З 2018 года яе прэзідэнтам з'яўляецца дачка Джона і Жаклін Кэнэдзі — Кэралайн.

У 2014 годзе прэзідэнт ЗША Барак Абама ўручыў Этэль Кэнэдзі найвышэйшую грамадзянскую ўзнагароду краіны — Залаты медаль Кангрэса ЗША.

«Яна — сімвал непахіснай веры і надзеі нават перад тварам невыносных страт і гора», — сказаў Абама падчас цырымоніі ў Белым доме.

Nashaniva.com