Выйшла кніга пра звычаі і павер’і беларусаў

У выдавецтве «Беларуская навука» з друку выйшла праца «Святочны час. Народныя звычаі і павер’і ў аповедах беларусаў» этнолага, кандыдаткі гістарычных навук Таццяны Кухаронак — кніга прысвечаная святочным традыцыям беларусаў, паведамляе «Суполка беларускіх пісьменнікаў».

11.10.2024 / 07:54

Праца адметная тым, што не апісвае самі народныя святы, якія даўно і грунтоўна занатаваныя даследчыкамі, а звяртае ўвагу на розныя стадыі і аспекты святкавання, а таксама на вераванні, якія гэтыя справы суправаджаюць.

У кнізе шмат ілюстрацый, у тым ліку архіўных.

«У кнізе на багатым фактычным матэрыяле, сабраным падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, даецца комплекснае ўяўленне аб каляндарных звычаях беларусаў як найважнейшай сферы і падсістэме жыццядзейнасці нашага народа, калі кожны абрад, магічнае дзеянне, песня або заклічка мелі на мэце паспрыяць будучаму шчодраму ўраджаю, дабрабыту, моцнаму здароўю. Прадстаўлены ў першую чаргу аповеды вясковых жыхароў, запісаныя ў апошнія 10 — 20 гадоў, іх успаміны, уражанні, звязаныя са святамі народнага календара. Аўтарскі тэкст арганічна іх дапаўняе для поўнай характарыстыкі традыцыйных каляндарных святаў, звычаяў, павер’яў і абрадаў беларусаў ў рэгіянальнай разнастайнасці», — расказваецца ў анатацыі да выдання.

Кнігу можна купіць у Мінску ў «Акадэмкнізе».

Nashaniva.com