«Тое, што хтосьці «сядзіць за палітыку», з'яўляецца «часткай пейзажу». Беларуска, якая наведала радзіму пасля доўгага перапынку, падзялілася ўражаннямі

Беларуска, якая даўно жыве ў адной з краін Захаду, наведала радзіму ўпершыню пасля падзей 2020-га і пасля пачатку вайны. Як змянілася краіна за гэты час? Як выглядае жыццё ў Гомелі вачыма чалавека, які не заспеў усе сацыяльныя і палітычныя катаклізмы апошніх гадоў, яна расказала выданню «Штодзень».

10.10.2024 / 17:30

«Я стараюся назіраць за жыццём на радзіме аб’ектыўна, без эмоцый, але разумею, што гэта не так. Таму на тое, што распавядаю, безумоўна, накладваецца мой асабісты погляд», — дзеліцца сваімі ўражаннямі былая гамяльчанка Наста (імя гераіні ў мэтах бяспекі змененае).

Пра колькасць «ватнікаў»

З пачатку вайны я канчаткова парвала з «ватнікамі» і «ябацькамі», таму нічога не скажу пра настроі гэтай катэгорыі. Калі хтосьці з майго кола зносін і думае такім чынам, то робіць гэта моўчкі.

Агульнае ўражанне ад беларусаў цяпер такое: людзі засяроджаныя на пытаннях побыту. У штодзённасць пагружаюцца, як у лекі. Уразіла па факце тое, што ўсё сапраўды працуе, як і кажа прапаганда: хутка, ветліва, эфектыўна, добразычліва…

Размовы на «неасабістыя» тэмы краналіся пратэстаў і вайны. Уразіла, што незнаёмыя людзі часта не баяліся расказваць пра свой удзел у пратэстах, крытыкаваць эканоміку і г. д.

Пра «палітыку»

Калі казаць пра стаўленне гомельцаў, якіх я сустрэла за кароткі перыяд майго візіту, да свету, Еўропы, знешняй палітыкі, вайны і г. д., то ў галовах у асноўным «расійскі тэлевізар». Але што парадавала: ні ад каго не чула агрэсіўнай радасці «вызваліцеляў». Аднак нагадаю, што я парвала з такімі людзьмі.

Раней, як мне гаварылі, беларусы хваляваліся з-за санкцый. Расказалі, што на буйным гомельскім прадпрыемстве закрыліся цэлыя лініі прадукцыі.

Пра пратэсты і вайну

Мой знаёмы быў удзельнікам пратэстаў, яго штрафавалі. Ягоны сын пасля затрымання зʼехаў з краіны. Ён расказваў, што не збіраецца пакідаць краіну, пакуль тут можна жыць. Але ён на пенсіі, пайшоў ва «ўнутраную эміграцыю».

Тым, хто працуе, цяжэй. У 2024-м эканоміка амаль цалкам залежыць ад расійскіх вайсковых замоў. Нават тыя, каму гэта не падабаецца, вымушаныя з гэтым мірыцца.

Людзі, занятыя ў эканоміцы, расказваюць, што вайна вельмі паўплывала на іх жыццё. Ім не падабаецца, што трэба пераключацца з Еўропы на Расію.

Тое, што хтосьці «сядзіць за палітыку», з’яўляецца «часткай пейзажа».

І цяпер, напрыклад, можна пачуць, як супрацоўнікі крамы, не паніжаючы галасы, лаюць уладу за тое, што кінулі народ з пенсіямі.

Але пра вайну людзі гавораць амаль шэптам, нават у прыватнай абстаноўцы. Выглядае, што яны баяцца наклікаць бяду.

Напрыклад, у цырульню заходзіць юнак, амаль хлопчык. Запытвае, ці можна тэрмінова пастрыгчыся: ён прыехаў з Расіі на зборы. Калі пайшоў, адміністратар пераходзіць на шэпт — у пакоі мы ўдваіх — і пытае: «Якія такія зборы?!» У вачах — трывога. Я кажу: «Напэўна, спартыўныя». Толькі потым разумею, што яе, як і многіх, хвалюе вайна.

Ці яшчэ адна сцэнка. Едзем у машыне за горадам. Міліцэйская машына перагароджвае скрыжаванне. Стаім, чакаем. Пытаю: «Вялікае начальства едзе?» Адказваюць: «Напэўна, вайскоўцы…» Таксама амаль шэптам. Сапраўды, прайшла калона БТР.

Ствараецца ўражанне, што нават пры думцы пра вайну людзі ўцягваюць галаву ў плечы. Лецішчы і дамы каля ўкраінскай мяжы лічацца неліквідам. Уезд у памежную зону зноў зрабілі па пашпартах.

Пра эканоміку

Што тычыцца шопінгу, службы быту, работы чыноўнікаў, банкаў і г. д., то ўсё на вельмі добрым узроўні. Цэны ў рублях выраслі, але ў пераліку на долары, здаецца, не вельмі. Ведаю, што даходы беларусаў не выраслі. Але пра тое, што жыццё ў краіне дарагое для беларусаў, я чую ўжо многа год.

Прадукты смачныя. Прадпрыемствы засвоілі шмат новага: ад прашута да сыроў з цвіллю. Дорага, але нашмат танней, чым у ЕС.

Тут для мяне ёсць загадка. Не раз чула, што сельская гаспадарка Беларусі ў заняпадзе. Гандлююць фермеры сваімі прадуктамі. А вось гандлёвыя рады на рынку, дзе былі месцы перакупшчыкаў з садавіной, гароднінай, кветкамі, стаяць пустымі. Ёсць некалькі кропак звонку. Але больш гандлююць мясцовыя гаспадары. Гародніна разнастайная, вельмі добрая. Цэны смешныя ў параўнанні з нашымі на падобную.

Кавярні, сталоўкі, кулінарыі, рэстараны, дзе я бывала, смачныя, акуратныя. Размовы людзей збольшага пра штодзённае. Я заўжды цікаўлюся мясцовымі брэндамі адзення і абутку. Здаецца, «8 Сакавіка» стала горшым. «Камінтэрн» лепшы, чым некалькі год таму. «Світанак», «Марка», «Контэ», «Марк Фармэль» і г. д. — на добрым узроўні. Багацейшым стаў асартымент ільнянога адзення. Жанчыны ходяць па вуліцах у прыгожых ільняных сукенках. Цэны прыкладна як і ў нас на падобны тавар. Вельмі прыгожыя рэчы ад «Калінкі», «Элемы» і інш.

Вельмі дзіўнае ўражанне ад транспарту. Калі раней працаваў «Юбер», таксі было зручным і недарагім. Усё працавала дакладна. Зараз ёсць шмат розных фірм, але працуюць неяк незразумела. Ніводнага разу ў нас не атрымалася скарыстацца іх дадаткамі. Па тэлефоне не надта лепей. Цэны называюць «ад балды». Пару разоў машына не прыходзіла наогул. Спадабалася, што тралейбусы і аўтобусы прыходзяць строга па раскладзе. Але мясцовыя кажуць, што іх стала менш.

Пра расейцаў

Ці многа расейцаў? Не ведаю, яны на вуліцах не адрозніваюцца ад нашых. Не магу сказаць, што бачыла шмат машын з расійскімі нумарамі. А вось у санаторыі іх большасць. Дарэчы, нашыя санаторыі зараз папулярныя не толькі ў Расіі. Едуць з краін Балтыі. Ужо некалькі разоў у мяне пыталіся, як лепей трапіць у Беларусь з гэтай мэтай. Рускамоўныя, вядома. Але з розных краін былога Саюза.

Медыцына

Прыватныя цэнтры працуюць і выглядаюць добра. З цэнамі тая ж гісторыя, што і з усім астатнім. Але, па маіх назіраннях, людзі ўсё больш ахвотна карыстаюцца імі. Давялося пабываць і ў дзяржаўных медустановах. Што сказаць? Без пачуцця гумару там рабіць няма чаго. Але ж за малым выключэннем супрацоўнікі ветлівыя і добразычлівыя.

Вось раздражняльная сцэнка: маладзенькія дурніцы пэтэвушнага выгляду круцяцца на пероне аўтавакзала і шумна абмяркоўваюць свой адпачынак у Крыме. Смачна выкрыкваюць статусныя для іх назвы: Ялта, Крымскі мост… Потым думаю, чаму я злуюся?! Калі я бачу недзе ў салоне ці кавярні дзяўчыну больш высокага статусу, якая на публіку вымаўляе Дубай, Луі Вітон, прасэка… мне ж толькі смешна. Усё ж такі мы моцна параненыя…

«Чырвона-зялёныя колеры пхаюць увогуле ўсюды». Чытач з правінцыйнага горада расказвае свае ўражанні ад цяперашняй Беларусі

«Жыццё кіпіць, бурліць і віруе». Якой пабачылі Беларусь эмігранты, якія вярнуліся на радзіму пасля доўгай адсутнасці

«Нікому тут не трэба вас саджаць і карміць за кошт бюджэту». Як эмігранты камунікуюць з блізкімі, якія жывуць у інфармацыйнай бурбалцы

Nashaniva.com