Беларускія і расійскія актывы вытворцы Dove i Rexona перайшлі да вытворцы «Дыхлафоса»

Бізнэс транснацыянальнага вытворцы касметычнай прадукцыі і бытавой хіміі Unilever у Расіі, а таксама ў Беларусі пераходзіць групе «Арнэст» Аляксея Сагала. Пра гэта піша «Коммерсантъ».

10.10.2024 / 14:45

Пра тое, што расійскі бізнес Unilever купляе вытворца касметыкі і бытавой хіміі «Арнэст», стала вядома ў пачатку верасня. Кампанія, сярод іншага, выпускае сродак для барацьбы з насякомымі «Дыхлафос», лак для валасоў «Прелесть».

Цяпер стала вядома, што ў здзелку ўваходзяць і актывы ў Беларусі. Аб закрыцці здзелкі бакі афіцыйна паведамілі 10 кастрычніка.

У Unilever у Беларусі з 2008 года дзейнічае юрыдычная асоба ў сферы гандлю «Юнілевер Русь». Праца беларускага офіса знаходзілася ў аператыўным кіраванні расійскага філіяла кампаніі.

Хоць афіцыйна сума здзелкі не называлася, «Коммерсантъ» адзначаў, што ўрад узгадніў яе з улікам дысконту ў межах 35−40 млрд расійскіх рублёў, або каля $390−445 млн.

Unilever працаваў у Расіі з 1990-х гадоў. Кампанія выпускае на мясцовым рынку касметычную прадукцыю пад брэндамі Dove, «Бархатныя ручкі», «Чыстая лінія», «Чорны жэмчуг», Axe і Rexona. Яе выручка за 2023 год склала каля $690 млн, а чысты прыбытак — амаль $55 млн.

Nashaniva.com