У Рагачове за лайкі звольнілі і судзяць дырэктара школы

Вядомага ў Рагачове настаўніка рэпрэсуюць за ажыццяўленне права на свабоду выказвання меркаванняў.

10.10.2024 / 12:11

Аляксандр Лейкін. Slova.by

У Рагачове звольнілі з працы дырэктара сярэдняй школы № 4 Аляксандра Лейкіна. Ён вядомы ў Рагачове не толькі як шматгадовы кіраўнік адукацыйнай установы, але і як краязнаўца. Мясцовая дзяржаўная газета шматкроць друкавала ягоныя краязнаўчыя матэрыялы пра гісторыю Рагачоўшчыны, піша Гомельская Вясна.

На 11 гадзін 10 кастрычніка ў судзе Рагачоўскага раёна запланаванае пасяджэнне, на якім Аляксандра Самуілавіча Лейкіна будуць вінаваціць у распаўсюдзе, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць і судзіць паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Выконваць ролю суддзі ў працэсе над Аляксандрам Лейкіным будзе нядаўна прызначаная Лукашэнкам на адпаведную пасаду Аксана Гусева.

Крыніца ў Рагачове паведаміла, што Аляксандра Лейкіна пераследуюць за тое, што ён ставіў лайкі пад нейкімі пастамі ў сацыяльных сетках і такім чынам нібыта распаўсюджваў інфармацыю, якая змяшчалася ў тых пастах.

Nashaniva.com