У Расіі афрыканцаў падманам прымусілі будаваць беспілотнікі

Рэклама ў сацыяльных сетках абяцала маладым жанчынам з Афрыкі бясплатны білет на самалёт, грошы і і працу ў сферы гасціннасці і грамадскага харчавання.

10.10.2024 / 12:02

Часткі збітых беспілотных лятальных апаратаў Shahed, запушчаных Расіяй, у сховішчы навукова-даследчай лабараторыі ў Кіеве, Украіна, 28 жніўня 2024 г. Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka

Вынікі расследавання агенцтва Associated Press сведчаць аб тым, што Расія знайшла адзін са шляхоў папаўнення недахопу працоўнай сілы ва ўмовах ваеннага часу. Крэмль набірае жанчын ва ўзросце 18—22 гадоў з такіх краін, як Уганда, Руанда, Кенія, Паўднёвы Судан, Сьера-Леонэ, Нігерыя і Шры-Ланка. Цяпер гэтая кампанія распаўсюджваецца на іншыя краіны Азіі і Лацінскай Амерыкі.

У выніку частка ключавой вытворчасці зброі Расіі апынулася ў неспрактыкаваных руках каля 200 афрыканскіх жанчын, якія працуюць разам з 16-гадовымі расійскімі студэнтамі прафесійна-тэхнічных вучылішчаў на заводзе ў асобай эканамічнай зоне «Алабуга» ў Татарстане.

AP прааналізавала спадарожнікавыя здымкі комплексу і яго ўнутраныя дакументы, паразмаўляла з некалькімі афрыканкамі, якія апынуліся там, і прагледзела сотні відэаролікаў у анлайн-праграме па наборы персаналу, якая атрымала назву Alabuga Start, каб сабраць разам карціну жыцця на заводзе.

Праграма набору работнікаў

Рэкрутынгавая кампанія Alabuga Start абапіраецца на магутную кампанію ў сацыяльных сетках, якая складаецца з відэаролікаў з аптымістычнай музыкай, на якіх афрыканскія жанчыны наведваюць культурныя аб'екты Татарстана або займаюцца спортам.

Сацыяльныя сеткі праекта запоўнены каментарамі ад афрыканцаў, якія просяць працу і паведамляюць, што падалі заяўкі, але пакуль не атрымалі адказу.

Alabuga Start першапачаткова прасоўвалася як праграма працы і вучобы міністэрствамі адукацыі Уганды і Эфіопіі, а таксама афрыканскімі СМІ, якія прадстаўлялі яе як спосаб зарабіць грошы і набыць новыя навыкі. У апошнія месяцы Alabuga Start прама заяўляе, што гэта «НЕ адукацыйная праграма».

Асобая эканамічная зона «Алабуга» была створана ў 2006 годзе для прыцягнення бізнэсу і інвестыцый у Татарстан. Пасля лютага 2022 года яна хутка разраслася, і яе часткі пераключыліся на ваенную вытворчасць, перабудоўваючы або рэканструюючы будынкі, мяркуючы па спадарожнікавых здымках.

Па даных уцечкі дакументаў і вашынгтонскага Інстытута навукі і міжнароднай бяспекі, «Алабуга» цяпер асноўны расійскі завод па вытворчасці дронаў-камікадзэ, і да 2025 года плануецца выпускаць 6000 беспілотнікаў у год.

Знайсці работнікаў ва ўмовах рэкордна нізкага ўзроўню беспрацоўя, калі многія расіяне ўжо працуюць у ваеннай прамысловасці, ваююць ва Украіне ці збеглі за мяжу, было праблемай. Кіраўніцтва завода звярнулася па дапамогу студэнтаў прафесійных вучылішчаў і таннай замежнай працоўнай сілы.

Сайт свабоднай эканамічнай зоны «Алабуга»

Умовы працы

У дакументах, якія прасачыліся ў мінулым годзе і правераны экспертамі, гаворыцца пра планы павялічыць колькасць персаналу прадпрыемства да больш за 2600 чалавек у 2025 годзе (у 2023 годзе работнікаў было крыху менш за 900 чалавек).

Як расказалі самі жанчыны, ім абяцалі працу ў сферы гасціннасці і грамадскага харчавання ў Татарстане і бясплатны білет на самалёт. Каб яе атрымаць, трэба было прайсці камп'ютарную гульню і тэст на веданне рускай мовы са 100 слоў. Ніхто з іх не звярнуў увагі, што ў тэсце былі такія словы, як «завод», «зачапіць» і «адчапіць».

У выніку некаторыя з іх толькі па прыбыцці даведаліся, што будуць працаваць на заводзе па вытворчасці зброі — збіраць тысячы ўдарных беспілотнікаў іранскай распрацоўкі.

У інтэрв'ю агенцтву Associated Press некаторыя з жанчын скардзіліся на доўгі працоўны час пад пастаянным наглядам, на нявыкананыя абяцанні адносна зарплаты і навучання, а таксама на працу з едкімі хімікатамі, ад якіх на іх скуры з'яўляюцца плямы і сверб.

Па словах трох апытаных агенцтвам жанчын, работніцы знаходзяцца пад пастаянным наглядам у інтэрнаце і на працы, а іх працоўная змена складае 12 гадзін.

Іх таксама падманулі з заробкам. Замест абяцаных 700 даляраў плацяць 500, з якіх вылічваюць кошт пражывання ў інтэрнаце, медыцынскага абслугоўвання і ўрокаў рускай мовы. Таксама ім давялося вярнуць грошы за білеты. Адна з работніц сказала, што можа адправіць сям'і да 150 даляраў у месяц. Магчымасць падтрымліваць сваякоў утрымлівае жанчын на працы.

Па даных экспертаў і расследавання AP, «Алабуга» — адзіная расійская вытворчасць, якая набірае жанчын з Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амерыкі для вырабу зброі.

Каля 90% замежных жанчын, набраных па праграме Alabuga Start, працуюць над стварэннем беспілотнікаў, у першую чаргу тых частак, якія не патрабуюць асаблівых навыкаў.

AP звязалася з МЗС РФ і офісамі кіраўніка Татарстана Рустама Мініханава і генеральнага дырэктара асобай эканамічнай зоны «Алабуга» Цімура Шагівалеева, але адказу не атрымала.

Праваабарончыя арганізацыі, з якімі звязалася агенцтва AP, заявілі, што не ведаюць пра тое, што адбываецца на заводзе.

AP таксама звязалася з урадамі 22 краін, грамадзяне якіх былі завербаваныя для ўдзелу ў праграме Алабугі. Большасць не адказалі або паабяцалі разабрацца.

Прарасійскі рэгіён Афрыкі, дзе забілі вагнераўцаў, аб'яднаўся ў канфедэрацыю. Дзеля чаго?

У Афрыцы можа выбухнуць яшчэ адна вялікая вайна. І вагнераўцы круцяцца побач

Украінскія дроны атакавалі прадпрыемства ў Татарстане, дзе выпускаюць «шахеды»

Названыя найменш развітыя краіны свету

Nashaniva.com