Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты

У сакавіку мінулага года Аляксей Тамілаў трапіў пад «хапун». У яго знайшлі падпіскі на недзяржаўныя медыярэсурсы.

10.10.2024 / 09:10

Аляксей Тамілаў. Фота з viciebskspring.org

Падчас адбыцця арышту мужчыну жорстка збілі наглядчыкі. Ён трапіў у рэанімацыю з пнеўматораксам, зламанымі рэбрамі і пераломам калена, даведаліся праваабаронцы «Віцебская Вясны».

«Нашай Ніве» гэта пацвердзіў чалавек, якому пра тое Аляксей Тамілаў расказваў асабіста.

Па інфармацыі праваабаронцаў, сілавікі сталі пагражаць Аляксею, што супраць яго завядуць крымінальную справу, калі ён вырашыць напісаць заяву аб збіцці.

Мужчына не верыў у поспех абскарджання і не стаў нікуды звяртацца.

Пасля тых траўмаў здароўе мужчыны не аднавілася.

Аляксей Тамілаў быў неабыякавы да жыцця горада. Партал Tut.by у 2016 годзе рабіў з ім інтэрв'ю.

9 кастрычніка 2020 года Аляксея аштрафаваў суддзя суда Кастрычніцкага раёна Уладзімір Царыкаў за ўдзел у шэсці 6 верасня.

У панядзелак 7 кастрычніка 52-гадовы аўтаслесар памёр ад інсульту.

Nashaniva.com