«Калі застаняцеся, вас чакае смерць». У чаканні ўрагану «Мілтан» з Фларыды эвакуююць мільёны людзей

Ён можа стаць самым моцным за апошнія 100 гадоў.

09.10.2024 / 15:46

Фота: Rebecca Blackwell / AP

З амерыканскага штата Фларыда, на які ў сераду вечарам павінен абрынуцца ўраган «Мілтан», эвакуююць каля пяці мільёнаў чалавек (у штаце жыве 21 млн). Мэр Тампы, трэцяга па велічыні горада штата, папярэдзіла, што заставацца ў зоне ўрагану, які можа стаць самым моцным за апошнія 100 гадоў, роўна смерці, піша Бі-бі-сі.

«Я магу сказаць, без перабольшання, што калі вы вырашыце застацца ў раёнах, якія падлягаюць эвакуацыі, вы памрэце», — сказала Джэйн Кастар у эфіры тэлекампаніі CNN.

Паводле прагнозаў Нацыянальнага цэнтра па вывучэнні ўраганаў (NHC), «Мілтан» абрынецца на ўзбярэжжа Фларыды ў сераду вечарам па мясцовым часе. Мяркуецца, што эпіцэнтрам будуць цэнтральныя і заходнія раёны штата, дзе пражываюць больш за тры мільёны чалавек.

Сіноптыкі папярэджваюць, што праліўныя дажджы і штормавыя вятры выклічуць наймацнейшыя паводкі не толькі на ўзбярэжжы, але і ў глыбіні штата. На ўзбярэжжы хвалі могуць дасягаць 3-4 метраў.

Паводле даных Дэпартамента папраўчых устаноў Фларыды, больш за 4,5 тысячы зняволеных былі перамешчаныя з зон, дзе чакаецца стыхія, «без шкоды для грамадскай бяспекі». Эвакуіравана таксама вайсковая авіябаза, размешчаная побач з Тампай.

Nashaniva.com