Ілан Маск саступіў патрабаванням Бразіліі. Пасля гэтага ўлады краіны разблакавалі Х

Суддзя Вярхоўнага суда Бразіліі Алешандра дзі Мараіс у аўторак скасаваў забарону на працу ў краіне сацсеткі X (былога Твітара), якая належыць Ілану Маску. Нядаўна кіраўніцтва сеткі саступіла патрабаванням суддзі і пачало блакаваць акаўнты экстрэмістаў, а таксама выплачваць штрафы бразільскаму ўраду, піша Бі-бі-сі.

09.10.2024 / 13:27

Ілан Маск. Dimitrios Kambouris / Getty Images

Дзі Мараіс абвясціў, што адмена забароны на працу X уступае ў сілу неадкладна, і даручыў ведамству, што адказвае за тэлекамунікацыі ў краіне, на працягу сутак забяспечыць разблакаванне былога твітара для ўсіх бразільскіх карыстальнікаў.

Як патлумачыў суддзя, сетка Х на патрабаванне ўладаў Бразіліі заплаціла штраф 28 млн рэалаў (блізу 5,1 млн даляраў) і прызначыла афіцыйнага кіраўніка мясцовага прадстаўніцтва.

У жніўні суддзя Дзі Мараіс забараніў былому Твітару працаваць у краіне за адмову выдаліць акаўнты правых радыкалаў, абвінавачаных у распаўсюдзе дэзынфармацыі.

Маск, які называе сябе абсалютыстам у галіне свабоды слова, уступіў у супрацьстаянне з бразільскім правасуддзем яшчэ ў красавіку, калі Мараіс абавязаў сацсетку спыніць дзясяткі акаўнтаў, якія распаўсюджвалі, на яго думку, дэзынфармацыю.

У адваротным выпадку прадстаўніку кампаніі ў Бразіліі, як сцвярджала X, пагражаў арышт.

У жніўні кампанія закрыла сваё прадстаўніцтва ў краіне і заявіла, што не стане скарацца цэнзуры. Маск пры гэтым назваў суддзю тыранам, дыктатарам і «Вальдэмортам» (адмоўным персанажам кніжнай эпапеі пра Гары Потэра).

У верасні, зрэшты, Маск памяняў сваё рашэнне і зноў прызначыў афіцыйнага прадстаўніка ў краіне.

Як нагадвала агенцтва Reuters са спасылкай на сайт Statista, Бразілія з'яўляецца для сеткі Х шостым па велічыні рынкам у свеце. Па стане на красавік у платформы ў краіне было каля 21,5 млн карыстальнікаў.

За час забароны многія бразільскія ўладальнікі акаўнтаў у Х зарэгістраваліся на іншых платформах, такіх як сетка Bluesky і Threads (апошняя належыць кампаніі Meta, якая таксама валодае сеткамі Facebook і Instagram).

У Бразіліі таксама рэзка вырасла папулярнасць VPN, якія дазваляюць абыйсці блакаванне.

Nashaniva.com