Расійскія войскі ўвайшлі ў Тарэцк на Данбасе

Расійскія войскі ўвайшлі ва ўсходнюю частку Тарэцка ў Данецкай вобласці, пацвердзіла ўкраінскае вайсковае камандаванне.

08.10.2024 / 22:33

Тарэцк. Фота з сацсетак

Прадстаўніца аператыўна-тактычнай групы «Луганск» учора заявіла, што сітуацыя ў горадзе «вельмі нестабільная» і «баі ідуць літаральна каля кожнага будынка».

Сёння прадстаўнік асобнай штурмавой брыгады «Лють», якая вядзе баі ў горадзе, у эфіры Украінскай службы «Радыё Свабода» акрэсліў сітуацыю так:

«Бывала нават такое, што ў шматкватэрным доме на першым паверсе мы працуем, на другім — расіяне, і мы спрабуем іх выбіць. Таму цяжка казаць… Не таму, што я не хачу сказаць, а таму, што сітуацыя сапраўды дастаткова дынамічная».

Сітуацыя ў ваколіцах Тарэцка застаецца складанай ужо некалькі месяцаў: пра сутыкненні на ўскраінах горада паведамлялася яшчэ ў жніўні. Цяпер маніторынгавы сайт DeepState сведчыць, што населеныя пункты на ўсходняй ускраіне Тарэцка — Паўночнае, Жалезнае, Дружба і Паўднёвае — цалкам або амаль цалкам у руках Расіі.

За апошні месяц Масква ўзмацніла наступ на горад. З канца верасня расійскія войскі прасоўваюцца ў Тарэцк, шырока выкарыстоўваючы кіраваныя бомбы высокай разбуральнай сілы.

Агульная сітуацыя на ўсходзе Украіны таксама становіцца ўсё больш складанай пасля ўзяцця Вуглядара на мінулым тыдні. Калі расійскім войскам удасца захапіць і Тарэцк, гэта можа ім дапамагчы перакрыць ключавыя ўкраінскія лагістычныя маршруты, якія злучаюць аператыўны тыл і зону баявых дзеянняў.

Тарэцк, насельніцтва якога да поўнамаштабнага ўварвання Расіі складала больш за 30 000 чалавек, быў у значнай ступені разбураны і спустошаны, большасць будынкаў разбітая, і толькі каля 1600 жыхароў засталіся ў горадзе пасля шматлікіх эвакуацый.

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Палова боепрыпасаў, якія расійская армія выкарыстоўвае ва Украіне, паўночнакарэйскія

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара

Расіяне захапілі Вуглядар на Данбасе

Nashaniva.com