Мінскае «Дынама» адмовілася ад падтрымкі фанатаў на гасцявых матчах Лігі канферэнцый у Польшчы і Фінляндыі

У клубе заявілі, што фан-сектар арганізоўваць не будуць.

08.10.2024 / 23:25

Група падтрымкі на матчы з «Андэрлехтам» у Брусэлі. Фота: «Дынама» Мінск

Мінскае «Дынама» не будзе арганізоўваць гасцявыя фан-сектары на выязных матчах Лігі канферэнцый у Хельсінкі і Варшаве. 

«Дынама» таксама не будзе аказваць сваім заўзятарам дапамогу ў куплі квіткоў на гэтыя гульні. Прычына такога рашэння не паведамляецца. Цікава, што ў вядучы тэлеграм-канала клуба адключыў каментары пад пастом з гэтай навіной.

Фанацкі сектар мінскага «Дынама» з 2020 года афіцыйна байкатуе матчы клуба ў Беларусі. Аднак на выязныя матчы байкот, як выглядае, не распаўсюджваецца. Так, на гасцявой гульні кваліфікацыі Лігі Еўропы з «Андэрлехтам» некаторыя прадстаўнікі фан-сектара «Дынама» прысутнічалі. Яны нават правялі перформанс у памяць пра загінулых за Украіну на вайне добраахвотнікаў-фанатаў «Борта» і «Волата», пісала «Трыбуна».

«Дынама» не дапамагала з выездам на той матч у Брусэлі, аднак арганізоўвала гасцявы сектар — збірала звесткі заўзятараў, якія збіраліся заняць месца ў фан-сектары клуба.

Мінчукі згуляюць з фінскім ХІКам у Хельсінкі 24 кастрычніка, матч з «Легіяй» у Варшаве прызначаны на 7 лістапада. У стартавай гульні асноўнага раўнда Лігі канферэнцый чэмпіёны Беларусі саступілі шатландскаму «Хартсу» з лікам 1:2.

У гэтым еўрасезоне «Дынама» таксама чакаюць намінальна хатнія матчы з дацкім «Капенгагенам» (28 лістапада) і паўночнаірландскім «Ларнам» (12 снежня). Хатнія гульні «Дынама» праводзіць у Азербайджане без гледачоў з-за абмежаванняў УЕФА, накладзеных на беларускі футбол пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.

Завершаць асноўны раўнд трэцяга па статусе еўракубка мінчукі выездам да грэчаскага «Панацінаікоса» 19 снежня.

З футбольнай зборнай Расіі адмаўляюцца гуляць нават зборныя з «дружалюбных» краін

Зборная Паўночнай Ірландыі не стане байкатаваць матч з Беларуссю

Футбольны салігорскі «Шахцёр» упершыню ў гісторыі вылецеў з вышэйшай лігі. Як так выйшла?

Nashaniva.com