У Жыткавіцкім раёне госць не захацеў сыходзіць дадому пасля вечарынкі — і атрымаў сякерай па галаве

Гаспадыня дома была катэгарычна супраць таго, каб мужчына ў яе начаваў.

08.10.2024 / 13:11

Жыхарка Жыткавіцкага раёна зладзіла дома вечарынку з дачкой і яе знаёмымі, а скончылася ўсё крымінальнай справай.

Госці засядзеліся дапазна, прыйшоў час разыходзіцца. Аднак 36-гадовы мужчына стаў настойліва прасіцца пераначаваць. 50-гадовая гаспадыня дома была катэгарычна супраць і спрабавала выправадзіць знаёмага.

П'яная размова вылілася ў сварку, падчас якой жанчына ўзяла сякеру і ўдарыла госця па галаве. 

Скрываўленага мужчыну забрала хуткая, а гаспадыня дома трапіла ў міліцыю. Заведзена крымінальная справа за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.

Nashaniva.com