У Беларусі пачынаюцца заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці

Будзе нават прызыў з запасу на адзін дзень.

08.10.2024 / 08:54

Ілюстрацыйнае фота Мінабароны

Штогадовыя заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці пройдуць у Беларусі з 8 па 11 кастрычніка, паведамляе прэс-служба Мінабароны.

Мерапрыемствы пройдуць пад кіраўніцтвам старшынь аблвыканкамаў. Яны накіраваны на павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі і зладжанасці органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны да фарміравання тэрытарыяльных войскаў.

У прыватнасці, ва ўсіх адміністрацыйных раёнах краіны пройдуць планавыя тэарэтычныя і практычныя мерапрыемствы. Асаблівую ўвагу плануецца надаць удасканаленню навыкаў службовых асоб выканкамаў, ваенных камісарыятаў і адміністрацый пунктаў прыёму мабілізацыйных рэсурсаў.

«Таксама ў рамках заняткаў прадугледжаны прызыў ваеннаабавязаных на аднадзённы збор, на якім будуць даведзены асновы і парадак дзеянняў у ходзе фарміравання тэрытарыяльных войскаў», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Nashaniva.com