Сына галоўнага трэнера хакейнага «Дынама» адправілі на Акрэсціна

Мікіта Квартальнаў пасварыўся з дырэктарам клуба і на яго выклікалі сілавікоў.

07.10.2024 / 13:10

Мікіта Квартальнаў. Фота: з сацсетак

Хакейны агент Мікіта Квартальнаў, сын галоўнага трэнера мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі Дзмітрыя Квартальнава, трапіў у ЦІП на Акрэсціна. Гэтую інфармацыю выданню Tochka паведамілі ў Цэнтральным РУУС.

Напярэдадні стала вядома, што Квартальнава затрымалі. Як мяркуецца, ён атрымаў 10 сутак арышту.

Паводле звестак расійскіх журналістаў, агент спрабаваў пабіцца з дырэктарам мінскага «Дынама» Арцёмам Каркоцкім, той выклікаў міліцыю. Прычына канфлікту пакуль невядомая.

Сам Каркоцкі сітуацыю каментаваць адмовіўся, не дае каментароў і прэс-служба «Дынама». Вядома, што Квартальнаву-малодшаму раней забаранілі з'яўляцца ў офісе клуба, паколькі ён маніпуляваў сваімі сувязямі з бацькам і «Дынама» ў працы з хакеістамі.

Nashaniva.com