7 млн літраў піва і 98 тысяч спробаў скрасці куфаль — Актоберфест падвёў вынікі

Паводле папярэдніх ацэнак арганізатараў, сёлета на Актобэрфэст у Мюнхен прыехалі блізу 6,7 млн гасцей, піша Bild.

07.10.2024 / 09:28

Тэлеграм-канал Bild

У 2023 годзе было 7,2 млн наведвальнікаў — але тады святкаванне доўжылася на два дні даўжэй. Сёлета выпіта больш піва, хоць цана літровага куфля ў некаторых месцах дасягала 15 еўра. Усяго было прададзена 7 млн літраў піва, у мінулым годзе гэта было 6,5 млн. Гастраномы таксама адзначылі рост продажаў ежы на 9%.

Самае запатрабаванае страва свята — смажаная курыца.

Арганізатары адзначаюць, што колькасць злачынстваў сёлета знізілася. «Гэта было мірнае і бяспечнае свята», — падвяла вынікі паліцыя. Прэс-сакратар паліцыі Андрэас Франкен адзначыў, што заклікі органаў бяспекі спрацавалі, госці былі ўважлівыя адно да аднаго.

Колькасць злачынстваў знізілася прыкладна на 25%, у тым ліку дзякуючы прысутнасці паліцыі і відэаназіранню.

Санітарная служба фестывалю таксама паведаміла, што сёлета давялося паклапаціцца пра меншую колькасць пацыентаў.

Таксама паменшала колькасць спробаў употай вынесці куфаль на памяць. Сёлета ў гасцей на выхадзе са свята забралі ўсяго 98 тысяч піўных куфляў. У 2023 годзе ахоўнікі канфіскавалі больш за 115 тысяч кубкаў.

Сёлета было знойдзена 3,5 тысячы забытых рэчаў — сярод іх 16 скураных штаноў і некалькі пар жаночых туфляў. Арганізатары мяркуюць, што іх уладальніцы маглі перайсці на шлапакі, якія прадаюцца на сувенірных стэндах. Што надзелі мужчыны замест штаноў, невядома. 

Шматлікія госці прыехалі з-за мяжы, у асноўным з ЗША і Італіі, а таксама з Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Іспаніі, Нідэрландаў і, упершыню ў большай колькасці, з Індыі.

Большасць наведвальнікаў былі апранутыя ў традыцыйныя строі — скураныя штаны ці дырндлі (традыцыйная баварская сукенка). 

Апошні кубак піва ў рамках свята прадалі гэтай ноччу — і Актоберфест-2024 быў закрыты.

Nashaniva.com