Маладой айцішніцы Настассі з кампаніі Exadel пагражае да 12 гадоў зняволення
Падобна, што дачапіліся да яе каментароў у інтэрнэце.
07.10.2024 / 16:07
Настасся Жыльская. Фота з яе старонкі Укантакце
Настассі Жыльскай 33 гады. Родам яна са Жлобіна.
Пасля школы пераехала ў Мінск і паступіла ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
Працавала яна праграмісткай у мінскім офісе кампаніі Exadel. Гэта вялікая IT-кампанія родам з ЗША, у якой працуе некалькі тысяч чалавек.
Яе затрымалі не менш за паўгода таму. Мяркуючы па абвінавачаннях, яна магла пакідаць каментары ў тэлеграме — прынамсі, у іншых сацсетках яна нічога актыўна не каментавала.
Суд над Настассяй пачнецца 31 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яе абвінавачваюць па трох артыкулах — «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Дзяўчыне пагражае ад чатырох да дванаццаці гадоў калоніі.
Судзіць яе будзе 36-гадовы Сяргей Кацар. Ён выдаў беларусам некалькі дзясяткаў тысяч рублёў штрафаў і некалькі тысяч сутак арышту па адміністрацыйных справах, а таксама больш за сотню гадоў зняволення па крымінальных.
Сяргей Кацар з жонкай. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць
Маладую маці-адзіночку судзяць па трох палітычных артыкулах. Мінімальнае пакаранне — 4 гады калоніі