«Аддала амаль 3500 даляраў». Як беларусы з Мінска, Польшчы і ЗША ездзяць лячыць зубы ў Турцыю

Беларусь традыцыйна прыцягвае замежных турыстаў даступнай і якаснай стаматалогіяй. Але апошнім часам нават беларусы з розных прычын спрабуюць лячэнне ў іншых краінах. Тыя з іх, хто лячыў зубы ў Турцыі, расказалі MOST пра свой выбар.

06.10.2024 / 23:03

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Brian J. Tromp / Unsplash

«За такія грошы людзі ў адпачынак лётаюць, а я сабе рот на ўсё жыццё зрабіла»

Сын Таццяны (імя зменена) з 2020 года жыве з сям'ёй у Польшчы. Таццяна вельмі хацела пабачыцца з роднымі, але не змагла атрымаць візу. Тады нявестка прапанавала сустрэцца ўсім разам у Турцыі, а заадно вырашыць пытанні па стаматалогіі.

— Пярэднія яшчэ неяк трымаюцца, а жавальных ужо многіх проста няма. Рабіць у нас [у Беларусі] мала таго што вельмі дорага, дык яшчэ пасля ўсіх гэтых санкцый невядома, якія там матэрыялы. Калі нешта сапраўды якаснае, то каштуе непасільных грошай. Яшчэ гэта вельмі доўга — ад некалькіх месяцаў да паўгода. А тут я за тыдзень зрабіла ўвесь рот, і гэта з трыма прымеркамі [каронак]. Я паставіла даволі танны варыянт — металакераміку, але выглядае вельмі натуральна.

Дактары патлумачылі Таццяне, што выратаваць некалькі зубоў ужо нельга — іх давялося выдаліць. Спачатку жанчына меркавала паставіць імпланты на верхнюю жавальную зону, але абследаванне паказала, што костка сківіцы тонкая і слабая. Таму на гэтую частку беларусцы зрабілі здымныя пратэзы. А вось унізе і ў «зоне ўсмешкі» зверху ў яе каронкі.

— Такі камбінаваны рот атрымаўся. За ўсё я аддала амаль 3500 даляраў, гэта з улікам таго, што клініка аплаціла мне гатэль на ўвесь час са сняданкам, трансфер і перавозкі «гатэль — клініка — гатэль». За такія грошы людзі проста ў адпачынак лётаюць, а я сабе рот на ўсё жыццё зрабіла.

Патэлефанавала ў 21 клініку

Маша і Андрэй (імёны змененыя) пастаянна жывуць у Польшчы. Праблемы з зубамі ў абаіх былі ўжо некалькі гадоў, але пара палічыла, што лячыць іх у гэтай краіне «неапраўдана дорага». А прыехаць у Беларусь на лячэнне яны не могуць праз палітычны пераслед.

— У Польшчы платна ўсё: і кансультацыя, і здымак, і выдаленне, — расказвае Маша. — Я патэлефанавала па ўсіх клініках горада і прыцанілася: проста кансультацыя па каронках — 200 злотых [46 еўра], здымак — 150-200 злотых, лячэнне трох каналаў і пломба — 1500-1700 злотых [347-393 еўра]. Увогуле, каб мужу адрэстаўраваць пломбы на некалькіх зубах, вылечыць два зубы з каналамі, паставіць адзін мост і нарасціць адзін зламаны зуб (без гарантыі), выходзіла каля 2000 еўра. Мне быў неабходны толькі адзін мост і абнавіць пломбы — яшчэ амаль 800 еўра. Цэны на каронкі на адну сківіцу дасягаюць да 80 тыс. злотых [18,5 тыс. еўра]. Два рота — роўна кватэра!

Рэкламу стаматалагічных паслуг у Турцыі Маша ўбачыла ў Instagram і зацікавілася. Каб даведацца падрабязнасці, дзяўчына звязалася з 21 клінікай у розных гарадах краіны.

— Умовы і цэны ва ўсіх розныя, залежаць ад таго, якія каронкі ты хочаш, брэнда матэрыялаў і тэрміну гарантыі. З таго, што ўваходзіць у пакет у кожнага, — гэта трансфер, гатэль і суправаджэнне перакладчыка.

«Рабілі адразу ўвесь рот абаім»

Муж і жонка спыніліся на клініцы ў Ізміры.

— Яны самі вырабляюць каронкі са швейцарскага цырконія, праз што колькасць прымерак не абмежаваная, будуць падганяць, пакуль не зробяць ідэальна, — тлумачыць жанчына. — Яшчэ бонусам атрымалі кампенсацыю палёту, таму што рабілі адразу ўвесь рот абаім: 28 каронак у мяне, 26 каронак і два імпланты ў мужа. Так мужу яшчэ і прыкус выправілі: у яго з дзяцінства не змыкаліся пярэднія зубы, і ўвесь зубны шэраг танцаваў. А цяпер проста іншы чалавек, нават авал твару змяніўся. У Польшчы за такое нават не браліся, казалі, што толькі сківічна-тварная хірургія дапаможа.

Цяпер Андрэю трэба будзе прыляцець у Турцыю яшчэ раз праз 3-4 месяцы, калі імпланты прыжывуцца — тады паставяць каронкі.

Маша прызнаецца, што гэта іх з мужам самая дарагая пакупка ў жыцці — за дваіх яны аддалі каля 9500 еўра.

— Адпачынак, вядома, атрымаўся не вельмі. Да мора 100 кіламетраў, і ўжо моцны вецер — не паплаваеш. У першы ж дзень пасля апрацоўкі зубы баляць, значыць можна толькі суп. Затое на гістарычным рынку я адарвалася: усё таннае, якаснае, можна гандлявацца. У выніку туды ехалі з ручной паклажай, а назад — з двума вялікімі валізкамі, якія там жа і купілі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: SoyBreno / Unsplash

«У Беларусь цяпер прыязджаць няма сэнсу»

Анатоль родам з вёскі ў Гомельскай вобласці. Спачатку ён пераехаў ва Украіну, а цяпер жыве ў ЗША, у штаце Масачусэтс. У Турцыю ён прыляцеў з дзвюма дочкамі-падлеткамі.

— Мы нават не разглядалі варыянт стаматалогіі ў ЗША — гэта вар'яцка дорага. У Беларусь цяпер прыязджаць няма сэнсу: незразумелыя якасць і гарантыі. Ды і небяспечна, хоць я ні ў чым такім не ўдзельнічаў, даўно пераехаў. У мяне знаёмы ў Турцыі зубы рабіў, ну і мы вырашылі падназапасіць і ўсе разам прыехаць — я дочкам абяцаў.

Анатолю ў Турцыі выконвалі лячэнне і чыстку зубоў. А дочкі «марылі пра галівудскую ўсмешку» — ім паставілі вініры. За паездку, якая доўжылася 1,5 тыдня, сям'я аддала 12 тыс. даляраў. Акрамя медыцынскіх паслуг, у гэтую суму ўвайшлі аплата гатэля, трансфер, паездкі ў клініку, а таксама суправаджэнне рускамоўнага менеджара.

— Адпачыць не адпачылі: ужо надвор'е не тое, але закупіліся ювелірнымі вырабамі, скуранымі — у нас гэта таксама вельмі дорага, — расказвае Анатоль.

Nashaniva.com