Трэнер расказаў, чаму футбаліст ударыў па надпісе «80 гадоў вызвалення»

Галоўны трэнер футбольнай каманды «Нёман» Ігар Кавалевіч пракаментаваў дыскваліфікацыю Ягора Зубовіча. Гэты футбаліст падчас гульні ў парыве гневу даў выспятка надпісу «80 гадоў вызвалення».

06.10.2024 / 21:39

Скрыншт трансляцыі «Беларусь 5»

«Ён папрасіў прабачэння, гэта эмоцыі. У гэты дзень у маці Ягора быў юбілей, ён падрыхтаваў майку, і момант быў стоадсоткавы. Проста эмоцыі чалавека.

Дакладна скажу, што на шчыт ён не глядзеў. Быў бы іншы надпіс — ударыў бы ў іншы. Мы падтрымліваем Ягора»,

— сказаў Кавалевіч тэлеканалу «Беларусь 5», прыводзіць яго словы «Трыбуна».

Нагадаем, пасля таго, як Зубовіч разбіў банэр, ён запісаў відэа з выбачэннямі, а таксама ўсклаў кветкі да помніка Перамогі.

Дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футболу прыняў рашэнне дыскваліфікаваць гульца на адзін матч. Акрамя таго, Зубовіча абавязалі выплаціць штраф у 10 базавых (400 рублёў).

Nashaniva.com