Два новыя віды грыбоў знайшлі ў Брэсце

Два новыя для Беларусі віды грыбоў выявілі навукоўцы ў Брэсце. Вясёлка Адрыяна і баравік залацісты да гэтага моманту толькі зрэдку сустракаліся ў нашых лясах, у адзінкавых экзэмплярах.

06.10.2024 / 17:24

Вясёлка Адрыяна. Скрын відэа СТБ

Сёлета вясёлка ў вялікай колькасці пачала расці ў абласным цэнтры проста на гарадскіх газонах. Варта адзначыць, грыб лічыцца рэдкім і ў суседніх краінах (Польшчы і Латвіі) занесены ў Чырвоную кнігу, расказалі на СТБ.

Незвычайны феномен адзначаецца і па баравіку залацістым, нядаўняму «прышэльцу» ў палескую прыроду. Апошні раз яго сустракалі каля 10 гадоў таму. З'яўленне грыба ў гарадскім квартале — першы выпадак у гісторыі. Такія анамаліі навукоўцы тлумачаць змяненнем клімату і старанна вывучаюць.

Баравік залацісты. Скрын відэа СТБ

«У выніку цеплавой хвалі і адначасова перыядычных ліўневых ападкаў з'явіліся ў нашай гарадской ўжо прыродзе адносна новыя віды грыбоў для краіны ў цэлым. Баравік залацісты расце ў нашым параўнальна невялікім тэрарыуме і адразу ў вялікай колькасці. Гэта ядомы грыб, цікавы, ён уяўляе цікавасць для грыбнікоў», — расказаў Віктар Дзямянчык, загадчык лабараторыі аптымізацыі экасістэм Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі.

Акрамя таго, у Брэсце адзначаюць з'яўленне і ўжо вядомых грыбоў, але ў анамальна вялікіх колькасцях: трутавік лускаваты і сарна-жоўты. Апошні з іх адносіцца да ядомых. 

Nashaniva.com