Памёр акцёр, які граў дэпутата Віталя Наліўкіна ў сатырычных скетчах
Расійскі акцёр Андрэй Нярэцін, вядомы па ролі дэпутата гардумы Усурыйска Віталя Наліўкіна ў сатырычным скетч-шоу, памёр у сне.
06.10.2024 / 16:11
Андрэй Нярэцін у ролі дэпутата гардумы Усурыйска Віталя Наліўкіна. Кадр са скетч-шоу
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Mash. Інфармацыю пра смерць пацвердзіў РБК рэжысёр скетч-шоу Андрэй Клачкоў.
Нядаўна 48-гадовы мужчына перанёс інсульт і складаную аперацыю па замене тазасцегнавага сустава. Мужчына з цяжкасцю перасоўваўся — мог з кіем дайсці толькі да крамы і назад. Нярэцін таксама пакутаваў ад алкагалізму.
Акрамя дрэннага самаадчування, былі і фінансавыя цяжкасці. Супраць стваральнікаў скетч-шоу распачалі крымінальную справу, яго перасталі здымаць. Акцёр застаўся без заробку, на жыллё і прадукты прыйшлося збіраць ўсёй фан-базай.
Крымінальную справу завялі праз відэа «Віталь Наліўкін прадухіліў тэракт», апублікаванае ў верасні 2021 года, у якім фэйкавы чыноўнік выкарыстоўвае гранатамёт, і ад стрэлу падае рэкламны шчыт з банэрам «Адзінай Расіі». Стваральнікаў шоу Андрэя Клачкова і Сямёна Вавілава абвінавачваюць па ч.3 арт. 213 КК РФ («хуліганства») і ч. 2 арт. 223.1 КК РФ («незаконны выраб выбуховых рэчываў, незаконныя выраб, пераробка або рамонт выбуховых прылад»).
«Ён год не піў дагэтуль, гэта значыць праходзіў лячэнне, але пасля таго, як даведаўся, што праект зачыняецца, ён сарваўся ад расстройстваў і на працягу двух дзён непрабудна, увогуле, п'янстваваў. Такая асаблівасць у яго была. За дзень да яго скону мы яго выявілі дома ў такім стане не вельмі добрым. Увогуле, выклікалі дактароў, хуткую, даставілі яго ў бальніцу, але ў бальніцы не змаглі яго ў пачуццё прывесці, і ён памёр праз суткі ў бальніцы. Вось гэтая навіна паўплывала на яго, праз вось гэтыя крымінальныя справы, якія нам завялі новыя», — расказаў Клачкоў пра Нярэціна.
Ролікі з дэпутатам Віталём Наліўкіным набіралі мільёны праглядаў на ютубе. У скетчах, якія выпускаліся ў фармаце выпускаў навін, «народны выбраннік» вырашаў праблемы жыхароў Усурыйска, часам, самымі абсурднымі метадамі.
У 2023-м стваральнікі шоу падтрымалі вайну.