У Валожыне паставілі шыльды на чатырох мовах. Правільна напісаць змаглі толькі па-руску і па-англійску

Добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол сусветна вядомай ешыбот, якая была сёлета адрэстаўравана, не абышлося без кур'ёзаў. 

06.10.2024 / 16:38

Шыльда на чатырох мовах перад Валожынскім ешыботам. Скрыншот з відэа

Першапачаткова планавалі правесці свята працаўнікоў вёскі 21 верасня, але ў горадзе, напэўна ўпершыню за апошнія гады, не паспелі завяршыць усе работы ў вызначаны тэрмін, таму свята перанеслі на месяц — на 19 кастрычніка. 

Дагэтуль вядуцца работы і па ўпарадкаванні тэрыторыі вакол Валожынскага ешыбота (традыцыйнай яўрэйскай навучальнай установы), дзе ствараецца пешаходная зона са скульптурамі і сувенірнай крамай.

Упрыгажэннем плошчы стануць дзве бронзавыя кампазіцыі «Рабін і Паэт» і «Дрэва жыцця», выкананыя беларускім скульптарам Дзмітрыем Аганавым.

Скульптурная група «Рабін і Паэт» Дзмітрыя Аганава. Скрыншоты з відэа

«Рабіна і Паэта» ўжо паставілі каля будынка ешыбота, суправадзіўшы шыльдай адразу на чатырох мовах: рускай, беларускай, іўрыце і англійскай. Праўда, тэксты на беларускай мове і іўрыце аказаліся непісьменнымі.

Так, па-беларуску замест «рабін» напісалі «раввін», якое не фіксуецца слоўнікамі і ёсць паўторам рускага напісання, а замест «скульптурная група» напісалі «скульптурны гурт». Група ў беларускай мове мае больш шырокае значэнне — гэта некалькіх чалавек, жывёл або прадметаў, якія знаходзяцца блізка адзін ля аднаго. А вось гурт можна ўжываць выключна да групы жывых істот, да якіх скульптуры не адносяцца.

Валожынскі ешыбот пасля рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Скрыншот з відэа

З надпісам на іўрыце адбылася яшчэ больш камічная сітуацыя. Тэкст на гэтай мове запісаны так:

ררושמו בר» לוסיפ תצובק»

Але людзі, знаёмыя з яўрэйскай мовай, заўважылі, што тут пераблытаны кірунак пісьма. У іўрыце пішуць справа налева, а на шыльдзе тэкст запісаны злева направа, як у еўрапейскіх мовах.

Ён мусіў бы пісацца так:

«קבוצת פיסול «רב ומשורר

Калі памылкі ў экзатычнай яўрэйскай мове ў цэлым можна зразумець, то памылкі ў беларускай, якіх бы не дапусціў нават «Гугл Перакладчык», выклікаюць пытанні наконт адукацыі тых, хто пісаў тэксты на шыльдзе.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Новости | Воложин и Воложинский район (@volozhinnews)

Валожынскі ешыбот славіцца як адзін з самых вядомых і ўплывовых яўрэйскіх навучальных устаноў у свеце. Адкрыты ў 1806 годзе рабінам Хаімам Валожынерам, вучнем Віленскага гаона, ён стаў першым сучасным ешыботам і лічыцца прататыпам для большасці ешыботаў яўрэяў-літвакоў у свеце. Валожынскі ешыбот прыцягваў навучэнцаў з усёй Усходняй Еўропы, і многія з іх пасля сталі выдатнымі рабінамі, мыслярамі і грамадскімі дзеячамі. Ешыбот у Валожыне ператварылася ў сімвал супраціву асіміляцыі і захавання традыцыйных рэлігійных каштоўнасцей яўрэяў.

«Бадай, ніводнага жыда няма на свеце, каторы не знаў бы ці хаця бы не чуў а Валожыне. Найважнейшая тут жыдоўская духоўная школа, і найважнейшымі лічацца валожынскія рабіны. Не толькі з усёй Расеі чы Еўропы, але з усяго свету — з Амерыкі, Японіі нават прыязджаюць сюды вучыцца на рабінаў.

Але, праўду кажучы, і жыды тутэйшыя неяк зусім інакшыя за тых, якіх мы спатыкаем па гарадах чы мястэчках нашых. Не трайкочуць яны, як тыя сарокі, чужой мовай; не надзімаюцца, як індыкі ў павіх пёрах, абы толькі як паказацца не тым, кім яны папраўдзе ёсць; не, яны моцна трымаюцца сваёй веры, звычаяў, мовы і нават старасвецкіх апратак. А толькі такіх людзей можна і шанаваць, каторыя, не чураючыся свайго, не ўшываюцца ў чужую, прадажную скуру…» — пісаў у сваіх нататках «Лісты з дарогі» пра Валожынскі ешыбот беларускі пісьменнік Ядвігін Ш.

Ф. Раўбіч