Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі

На ксяндза Анджэя Юхневіча, які знаходзіцца ў зняволенні з 8 траўня 2024 года, працягваюць рабіць моцны ціск, даведалася «Хрысціянская візія».

05.10.2024 / 17:40

Анджэй Юхневіч

Раней святару ўжо даводзілася зведаць катаванні і пагрозы, яго трымалі ў адмыслова невыносных бытавых умовах: першы раз наведаць душ дазволілі толькі пасля двух месяцаў знаходжання за кратамі.

Цяпер жа святару пагражаюць, што яму могуць выставіць фэйкавыя абвінавачанні, звязаныя са «злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых» — прасцей кажучы, педафіліяй.

«Хрысціянская візія» адзначае, што з падобнага кшталту пагрозамі сутыкаліся і іншыя служыцелі Каталіцкага касцёла ў Беларусі, аднак у выніку ніхто нічога не даказаў. Аднак жа сам факт выстаўлення такіх абвінавачанняў можа прывесці да разбурэння рэпутацыі чалавека.

Ксёндз Анджэй Юхневіч — святар ордэна Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, пробашч дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Шуміліна, кіраўнік каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Ягоная рэпутацыя ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі бездакорная.

Ён займае прынцыповую пазіцыю і за кратамі, абскарджваючы пастановы адносна свайго арышту. Гэта, відаць, і стала прычынай таго, што пераслед у дачыненні да яго з адміністратыўнага перайшоў у крымінальны.

Анджэя Юхневіча затрымалі 8 мая і спачатку прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за размяшчэнне ў фэйсбуку выявы бела-чырвонага-белага і ўкраінскага сцягоў. Яго арыштавалі на 15 сутак, і з таго часу на волю ён так і не выйшаў. Яму некалькі разоў давалі па 15 сутак.

У пачатку ліпеня стала вядома, што яго пераводзяць з ІЧУ, дзе ён адбываў арышты агульнай працягласцю амаль два месяцы, у СІЗА. Супраць святара распачата крымінальная справа. Дагэтуль застаецца невядомым, што менавіта яму інкрымінуецца.

Разам з Анджэем Юхневічам быў спачатку затрыманы і іншы шумілінскі святар, Павел Лемех, але яго пасля адбыцця сутак паводле адміністрацыйнага артыкула неўзабаве выпусцілі.

Ксёндз Анджэй Юхневіч: Мяне могуць за гэта судзіць, але я хачу публічна выказаць салідарнасць з братамі-ўкраінцамі

«Знаходзіцца ў знясіленым стане». Вернікі даведаліся падрабязнасці пра зняволенага ксяндза Анджэя Юхневіча

Супраць ксяндза Анджэя Юхневіча завялі крымінальную справу

«Светлы, Божы чалавек». Чаму ўлады накінуліся на святара Юхневіча з Шуміліна

Сталі вядомыя прычыны арышту шумілінскага ксяндза Юхневіча

Стала вядома, за што судзілі шумілінскага ксяндза Лемеха

Nashaniva.com