Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу

12-гадовы беларус аформіў покер у матчы дзіцячага чэмпіянату Іспаніі.

05.10.2024 / 18:25

Аляксей Маёраў. Фота: сацсеткі

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў, які вучыцца футболу ў акадэміі мадрыдскага «Рэала», забіў чатыры гады ў матчы дзіцячага чэмпіянату Іспаніі.

12-гадовы футбаліст забіў чатыры галы ў гульні супраць каманды «Сан-Блас», што дапамагло ягонай камандзе «Інфантыль Б» разграміць сапернікаў з лікам 7:2.

За Маёрава раней змагаліся такія суперклубы, як «Барселона» і «Рэал», але Аляксей зрабіў выбар на карысць «Каралеўскага клуба». Ён гуляе за «Інфантыль Б» — каманду, у якой выступаюць дзеці да 13 гадоў. Гэта была толькі другая гульня Аляксея за новую каманду, і ён ужо праявіў сябе з найлепшага боку.

Выдатную гульню юнага беларуса заўважыла вядучае іспанскае спартыўнае выданне Marca, якое назвала яго «беларускай жамчужынай «Ла Фабрыкі» (так называюць футбольную акадэмію «Рэала»).

«Гулец дэманструе якасці, неўласцівыя для дзіцяці. У яго вылучаюцца ўдар, майстэрства і выніковасць — менавіта гэта мы ўбачылі ў яго другой гульні ў белай футболцы. Гол са штрафнога, два магутныя ўдары з-за межаў штрафной і дакладны ўдар пасля выдатнай перадачы паміж лініямі — так вундэркінд аформіў пакер», — піша Marca.

Раней Маёраў ужо паказаў сябе ў складзе «Рэала» на турніры ў Партугаліі, дзе стаў найлепшым бамбардзірам, забіўшы сем галоў у трох матчах.

Аляксей — унук вядомага ў мінулым футбаліста мінскага «Дынама» Аляксандра Кісценя. У 12 гадоў ён ужо паспеў папрацаваць у сістэмах розных клубаў: мінскага «Дынама», «Мінска», а таксама крыху пагуляць у сістэме маскоўскага «Спартака», пасля чаго пераехаў у Іспанію, дзе займаўся футболам у школах «Эспаньёла» і «Серданьёлы». Там яго і заўважылі скаўты іспанскіх грандаў.

12-гадовы Аляксей Маёраў пачаў у «Рэале» з перамогі і звання найлепшага бамбардзіра

12-гадовы Аляксей Маёраў: Ці магу я дабіцца большага, чым Глеб? Канечне!

12-гадовы беларускі футбаліст зрабіў выбар паміж «Рэалам» і «Барселонай»

«Я не Месі — я лепшы за яго». Мадрыдскі «Рэал» падпісаў 12-гадовага беларускага футбаліста

Nashaniva.com