Вольга Карач атрымала нямецкую антываенную прэмію — разам з украінцам, які заклікае спыніць пастаўкі зброі Кіеву

Беларускі палітык Вольга Карач атрымала нямецкую прэмію Людвіга Баўмана за «выбітны ўнёсак у барацьбу супраць вайны і мілітарызма».

05.10.2024 / 13:52

Вольга Карач. Фота: Офіс Ціханоўскай

Яшчэ ў 2020-2021 Вольга Карач усяляк вітала ўсіх, хто выступаў за акцыі «прамога дзеяння» супраць Аляксандра Лукашэнкі. А пасля перайшла ў барацьбу «за мір». Яе «Наш дом» дэкларуе, што дапамагае дэзерцірам з беларускага войска, якія не хочуць ваяваць з Украінай, але рэальных кейсаў няма — тыя людзі, якія прэзентаваліся арганізацыяй Карач як «уцекачы ад войска», насамрэч даўно выехалі з Беларусі і не маюць дачынення да арміі.

Чытайце таксама. Хто такая Вольга Карач, якая хоча падседзець Ціханоўскую?

Апроч Карач, ёсць яшчэ два лаўрэаты нямецкай прэміі. З расійскім «Рухам свядомых адказнікаў» усё зразумела — ён дапамагае маладым расіянам уцякаць з краіны, тым самым пазбягаць вайсковай службы і не ўдзельнічаць у захопніцкай вайне.

А вось з трэцім пераможцам, украінскім рухам пацыфістаў на чале з блогерам Юрыем Шаляжэнкам, усё не так адназначна.

Пазіцыя Шаляжэнкі ў тым, што супраціўляцца расійскай агрэсіі можна — але толькі негвалтоўнымі спосабамі. А перашкодай да міру лічыць не толькі расійскі імперыялізм, але і ўкраінскі нацыяналізм.

У 2023 годзе блогер заклікаў спыніць пастаўкі зброі Украіне.

Летась Шаляжэнку затрымлівала Служба бяспекі Украіны — за тое, што ён заклікаў жыхароў Кіева ўхіляцца ад прызыву і ўцякаць за мяжу. У выніку яго абвінавацілі ў апраўданні расійскай агрэсіі.

Шаляжэнка — даўні партнёр Карач. Іх арганізацыі ўдзельнічаюць у адных і тых жа самітах, іх разам «намінавалі» на Нобелеўскую прэмію.

Чытайце таксама. Хто фінансуе кантору, якая вылучыла «Наш дом» на Нобелеўскую прэмію міру? Шукаем канцы

А калі Вольгу Карач назвалі пагрозай для нацыянальнай бяспекі Літвы, то менавіта арганізацыя ўкраінскага блогера рассылала па СМІ заявы ў яе падтрымку.

Фінансавы памер прэміі, якую атрымалі Карач і астатнія лаўрэаты, не называецца.

Беларускія анархісты наракаюць, што Вольга Карач спрабуе стаць галоўнай анархісткай краіны

«Найбольшы ўклад у нагнятанне робяць людзі, якіх падазраюць у супрацоўніцтве са спецслужбамі. Напрыклад, Карач ці Цапкала»

Nashaniva.com