Эмінем стане дзедам

У маі Эмінем святкаваў шчаслівую падзею — яго любімая дачка выйшла замуж. Учора ж мегапапулярны ў пачатку 2000-х рэпер падзяліўся іншай радасцю: Хэйлі ўпершыню стане мамай.

05.10.2024 / 08:29

Эмінем трымае здымак УГД

У пятніцу выйшаў кліп 51-гадовага артыста на песню Temporary, дзе ён паказаў архіўныя кадры з дачкой. Кліп за суткі ўжо набраў 7 млн праглядаў.

Таксама ў роліку ёсць і моманты з сучаснасці: як Хэйлі выходзіць замуж, а таксама аб'яўляе бацьку пра тое, што цяжарная.

Дзяўчына перадае футболку з надпісам «дзядуля» на спіне і ўручае яму здымак УГД. Ашаломлены музыка не можа паверыць вачам і, адкрыўшы рот, глядзіць у камеру.

Фанаты заплакалі, паглядзеўшы кліп. «Віншую, што Эмінем стане дзядулем»; «Тое, што Эмінем стане дзядулем, — самая цудоўная навіна, якую я чуў сёння. Яму проста трэба было прымусіць мяне плакаць…».

28-гадовая дачка Эмінема згуляла вяселле з Эванам Мак-Клінтакам у маі. На ўрачыстасці прысутнічалі самыя блізкія людзі. Больш за ўсё публіцы запомніўся кранальны танец бацькі з нявестай.

Nashaniva.com