У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга на возеры перакулілася судна. Ахвяр можа быць сотні
Як мінімум 126 чалавек загінулі ў выніку крушэння судна на возеры Ківу на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Аднак на самай справе ахвяр будзе куды больш.
04.10.2024 / 22:27
Скрыншот з відэа
Паведамляецца, што інцыдэнт адбыўся на возеры Ківу за 700 метраў ад берага. Прычына трагедыі пакуль невядомая.
На кадрах з відэа відаць, як запоўненае пасажырамі судна спярша нахілілася, а пасля перакулілася.
Паводле папярэдняй інфармацыі, выратаваныя 45 чалавек, а ўсяго на судне мела быць 278 пасажыраў. Аднак гэта толькі афіцыйныя звесткі, бо на практыцы ў гэтай краіне на суднах заўсёды шмат незарэгістраваных пасажыраў, якія могуць у разы перавышаць колькасць зарэгістраваных.
Цяпер дзясяткі, а то і сотні людзей лічацца зніклымі без вестак.
У другой па велічыні афрыканскай краіне, якой з'яўляецца Дэмакратычная Рэспубліка Конга, дарожная сетка развітая вельмі кепска, таму для многіх людзей караблі і пасажырскія паромы на вялікіх азёрах і рэках з'яўляюцца адзіным даступным сродкам транспарту.
Трагедыі на вадзе ў Афрыцы не з'яўляюцца рэдкасцю. Часта караблі, якія перавозяць пасажыраў, перагружаныя і знаходзяцца ў дрэнным тэхнічным стане. Прытым на іх нярэдка не выконваюцца нават элементарныя патрабаванні бяспекі, напрыклад, адсутнічаюць выратавальныя камізэлькі.
Афрыку імкліва ахоплівае малавывучаны і вельмі небяспечны вірус. Што такое воспа малпаў?
У Афрыцы можа выбухнуць яшчэ адна вялікая вайна. І вагнераўцы круцяцца побач
Успышка віруса Марбург можа перарасці ў новую пандэмію. Што гэта за хвароба?
У ДР Конга затанула судна з 271 пасажырам на борце