Польскія дактары дасталі з беларуса кулю, якой у яго стралялі ў 2020 годзе

Ягор Яўстратаў — былы палітвязень. У 2020 годзе ён паддаўся на правакацыю сілавікоў і апынуўся ў групе, якая сапсавала машыну супрацоўніка МУС. За гэта яго прысудзілі да трох гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі.

04.10.2024 / 10:19

Адседзеўшы тэрмін, мужчына збег у Літву, пераплыўшы памежную раку, і папрасіў аб міжнароднай абароне. А потым у Польшчы паказаў доктару руку, траўмаваную пры затрыманні. Аказалася, у руцэ затрымаўся асколак шроту. Яго дасталі праз чатыры гады пасля ранення. Сваю гісторыю Ягор распавёў праекту Most «Мы вернемся».

У 2020 годзе Ягор знаходзіўся ў закрытым чаце, у якім было ўсяго 11 чалавек. Аказалася, сярод іх былі падбухторшчыкі з МУС. Хтосьці з іх закінуў у чат ідэю — сапсаваць машыну сілавіка. Ягор паддаўся на правакацыю. Машыну падрапалі, пафарбавалі з балончыка белай і чырвонай фарбай, запенілі. Аказалася, сілавікі спланавалі аперацыю для наступнай публікацыі матэрыялу аб выхадцы ў прапагандысцкіх медыя.

Пры затрыманні Ягора паранілі шротам з помпавай стрэльбы. Пасля на целе ён выявіў каля 18 раненняў.

Адседзеўшы тры гады, Ягор спачатку не планаваў пакідаць Беларусь. Але неўзабаве зразумеў, што заставацца ў краіне для яго рызыкоўна: спакойнага жыцця сілавікі яму не дадуць. У мужчыны была гуманітарная польская віза, але ён вырашыў не перасякаць мяжу праз афіцыйны памежны пераход. З ягоных слоў, пакінуць краіну легальна не было магчымасці, бо да ўдзельнікаў групы быў пададзены пазоў страхавой кампаніі.

Ягору прыйшлося пераплываць раку на мяжы з Літвой. Быў cакавік, снег ужо растаў, але вада была яшчэ халоднай.

Каб падрыхтавацца да ўцёкаў, Ягор напаўняў ванну ледзяной вадой і сядзеў у ёй.

Паколькі ў Ягора была польская віза, Літва па Дублінскім пагадненні перадала яго Польшчы.

У канцы жніўня ў Беластоку Ягор звярнуўся да хірурга і распавёў сваю гісторыю. Беларус скардзіўся, што ў яго на руцэ глыбока пад скурай утварыўся бугарок. Хірург правёў абследаванне і прыйшоў да высновы, што ў руцэ затрымаўся асколак і спатрэбіцца аператыўнае ўмяшанне.

— Я не верыў і казаў, што гэта малаверагодна. У 2020 годзе пасля затрымання мяне адвезлі ў бальніцу, там апрацавалі раны і зашылі. Я не мог падумаць, што ў мяне застануцца нейкія аскепкі. Але ўсё ж наважыўся на аперацыю. І сапраўды, доктар знайшоў у мяне асколак у выглядзе гумовага шарыка, які не знайшлі ў Беларусі.

Гэты шарык медыкі аддалі Ягору на памяць. Хутчэй за ўсё, у Беларусі яго не знайшлі, бо тады рука моцна распухла.

Nashaniva.com