У Гродне хірургі выратавалі 98-гадовую пацыентку, зрабіўшы ёй складаную аперацыю

У Ядвігі Іосіфаўны Антановіч дыягнаставалі жоўцевы перытаніт.

03.10.2024 / 15:25

Хірургі Гродзенскай гарадской бальніцы хуткай дапамогі выратавалі 98-гадовую пацыентку, зрабіўшы ёй складаную аперацыю. Жанчына ўжо дома і пачуваецца добра, паведамілі БелТА ў Галоўным упраўленні аховы здароўя аблвыканкама.

Жанчыну даставілі ва ўстанову аховы здароўя ў крытычным стане. Дзякуючы майстэрству дактароў 98-гадовая жыхарка Скідзеля вярнулася да нармальнага жыцця. Дзень пажылых людзей яна сустрэла дома, у коле родных, а медыкі, якія выратавалі жыццё, павіншавалі яе са святам.

У скідальчанкі Ядвігі Іосіфаўны Антановіч, якую ў БХМД даставіла хуткая дапамога, дыягнаставалі жоўцевы перытаніт. Для выратавання жыцця было неабходна экстранае хірургічнае ўмяшанне.

З улікам складанасці выпадку дзяжурны хірург Руслан Доўнар экстранна выклікаў загадчыка хірургічнага аддзялення Віталя Гузеня, аперацыю спецыялісты правялі ў тандэме.

Пры гэтым, як распавёў Віталь Гузень, не проста выдалілі жоўцевы пухір і камяні, але і наклалі рэканструктыўны халедахадуодэнаоанастамоз, сфармаваўшы ўнутранае сувусце паміж агульнай жоўцевай пратокай і 12-перснай кішкой. У іншым выпадку жанчыне давялося б жыць з вонкавым свішчом. Такая аперацыя паказана пацыентам з жоўцекаменнай хваробай, растлумачыў доктар, аднак у дадзеным выпадку яе рызыкі істотна павялічвалі стан і ўзрост 98-гадовай пацыенткі.

Nashaniva.com