Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры

Ганца да Насралы адправіў вярхоўны лідар Ірана аятала Хаменеі, бо баяўся карыстацца звычайнай сувяззю з-за магчымасці перахопу паведамленняў з боку Ізраіля, высветліла агенцтва Reuters. Пасланнікам аказаўся высокапастаўлены іранскі генерал.

04.10.2024 / 07:00

Загінулы лідар «Хезбалы» Хасан Насрала. Фота: Chris McGrath/Getty Images

За некалькі дзён да гібелі лідара «Хезбалы» Хасана Насралы ў выніку ізраільскага ўдару вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі адправіў да таго ганца з заклікам тэрмінова пакінуць Ліван. Звычайнай сувяззю было вырашана не карыстацца праз рызыку перахопу з боку Ізраіля і гісторыю з масавымі выбухамі пэйджараў у Ліване.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на трох высокапастаўленых іранскіх крыніц.

Ганцом аказаўся іранскі генерал-маёр Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі Абас Нілфурушан. Ён быў павінен папярэдзіць Насралу аб наяўнасці ў ягоным атачэнні агентаў Масада, якія збіраюцца яго забіць. У выніку і Нілфурушан, і Насрала загінулі ў бункеры падчас бомбавай атакі Ізраіля на Бейрут, заявілі іранскія крыніцы.

Па іх словах, пасля забіцця Насралы аятала Хаменеі стаў глыбока занепакоены магчымым пранікненнем Ізраіля ў высокапастаўленыя ўрадавыя колы ў Тэгеране, таму быў пераведзены ў бяспечнае месца.

Новым кіраўніком «Хезбалы» стаў стрыечны брат Насралы

Што сабой уяўляе «Хезбала», супраць якой пачаў наземную аперацыю Ізраіль? Колькі ў яе засталося баевікоў?

«Хай вымятаюцца». Вярхоўны лідар Ірана заявіў, што Захад не павінен умешвацца ў справы Блізкага Усходу

Nashaniva.com