Жыхар Бабруйска прыдумаў хітрую схему махлярства і атрымаў 368 тысяч рублёў — усё дзеля гульні на стаўках

Схема выявілася выпадкова, калі адзін з яго падначаленых вырашыў купіць у растэрміноўку тэлефон.

03.10.2024 / 13:16

Жыхар Бабруйска, які працаваў галоўным механікам на адным з прадпрыемстваў, арганізаваў хітрую ашуканскую схему і атрымаў 368 тысяч рублёў.

Больш за год — з кастрычніка 2022-га па снежань 2023-га — 34-гадовы кіраўнік падманваў сваіх падначаленых. Так, аднаго з работнікаў ён пераканаў заключыць дамовы на доўгатэрміновыя спажывецкія крэдыты, абяцаючы гасіць запазычанасць па адсотках, паведамляе СК.

У іншых бабруец прасіў пад рознымі падставамі смартфоны і таемна афармляў анлайн-крэдыты і растэрміноўкі. У трэціх — браў грошы ў доўг пад распіску.

Схема выявілася цалкам выпадкова, калі адзін з работнікаў вырашыў купіць у растэрміноўку тэлефон. У банку яму паведамілі, што на яго ўжо аформленая адна растэрміноўка. Пакупнік спачатку не зразумеў, як такое магчыма, а потым успомніў, як начальнік браў яго мабільны.

У студзені 2024 года ў міліцыю сталі звяртацца і іншыя работнікі прадпрыемства: ім прыйшлі паведамленні аб запазычанасці па растэрміноўках, якіх яны асабіста не афармлялі.

На допытах падазраваны распавёў, што вялікія грошы яму былі патрэбныя для выплаты падаходнага падатку. Механік актыўна гуляў на стаўках. Шанцавала нячаста, аднак усе выйгрышы адлюстроўваліся, пра што стала вядома падатковай інспекцыі.

Усяго жыхар Бабруйска падмануў 35 чалавек і тры банкаўскія ўстановы, завалодаўшы грашыма на 368 тысяч рублёў. Сілавікі выявілі 98 фактаў крадзяжу.

На маёмасць абвінавачанага накладзены арышт. Грошы, атрыманыя злачынным шляхам, фігурант траціў на стаўкі, пагашэнне падаходнага падатку на прыбытак і аплату ўзятых у банкаў плацяжоў і растэрміновак.

Згодна з заключэннем псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ў фігуранта выяўлена паталагічная гульняманія, аднак мужчына мог ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Мужчыну прад'яўлена абвінавачванне па двух артыкулах: махлярства і крадзеж шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі ў асабліва буйным памеры.

Nashaniva.com