Любоў Успенская заявіла, што яе дачку скралі і прымусілі даць праўкраінскае інтэрв'ю за тое, што спявачка падтрымлівае вайну

Дачку расійскай спявачкі Любові Успенскай вывезлі ў іншую краіну, накачалі наркотыкамі і прымусілі даць інтэрв'ю, у якім яна дыскрэдытуе сваю маці і яе прарасійскую пазіцыю. Такую гісторыю «Базе» распавяла адвакат спявачкі — Алена Сеніна. 

03.10.2024 / 07:59

Любоў Успенская і ейная дачка Таццяна. Фота: kp.ru

Сеніна паведаміла, што Таццяна Плаксіна (так завуць дачку спявачкі) мае нарказалежнасць, але знаходзілася «ў завязцы». «Пакуль Любоў Успенская была на гастролях, правакатары з Украіны выйшлі на Таццяну, падсадзілі на наркотыкі, купілі квіток у іншую краіну і вывезлі яе», — сцвярджае Сеніна. 

Са слоў адваката Успенскай, у іншай краіне «ўкраінцы, выкарыстоўваючы наркотыкі, прымусілі дачку спявачкі даць інтэрв'ю пад дыктоўку і дыскрэдытаваць маці і прарасійскую пазіцыю спявачкі. Гэтыя інтэрв'ю пакуль не выйшлі, але бок Успенскай чакае іх у хуткім часе».

Алена Сеніна сцвярджае, што «галоўная мэта ўкраінскіх ашуканцаў не дачка спявачкі, а сама Любоў Успенская, бо яна нарадзілася ў Кіеве і адкрыта падтрымлівае палітыку Расіі ў дачыненні да Украіны».

Таксама Успенская давала канцэрты на акупаваных украінскіх тэрыторыях — у так званых «ДНР» і «ЛНР». 

Са слоў адваката, месцазнаходжанне Таццяны Плаксінай вядомае. Па факце знікнення дачкі Любові Успенскай пададзена заява ў ФСБ.

Nashaniva.com