Упершыню за доўгі час беларускі клуб згуляе ў асноўным раўндзе футбольных еўракубкаў

Мінскае «Дынама» сёння стартуе ў Лізе канферэнцый — трэцім па значнасці футбольным еўракубку. Апошні раз беларускія клубы бралі ўдзел у еўравосені шэсць гадоў таму.

03.10.2024 / 07:29

Football.by

Мінскае «Дынама» сёння стартуе ў асноўным раўндзе Лігі канферэнцый — трэцім па значнасці футбольным еўракубку. Клуб пачынаў летнюю кваліфікацыю ў Лізе чэмпіёнаў, але здолеў застацца ў Лізе канферэнцый.

У гэтым сезоне еўракубкі — Лігі чэмпіёнаў, Ліга Еўропы, Ліга канферэнцый — разыгрываюцца па новай сістэме. Няма звыклага падзелу на групы. Каманды атрымалі супернікаў, і ў Лізе канферэнцый правядуць шэсць матчаў: тры дома, тры на выездзе, а потым будзе сфармаваная агульная табліца з 36 клубаў, і толькі затым вызначана, хто выйдзе ў плэй-оф.

«Дынама» атрымала ў супернікі шатландскі «Хартс», дацкі «Капенгаген», фінскі ХІК, польскую «Легію», грэцкі «Панацінаікас» і паўночнаірландскі «Ларн». 

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі на беларускі футбол былі накладзеныя мінімальныя санкцыі, і цяпер матчы клубы і зборныя праводзяць на нейтральнай тэрыторыі без прысутнасці заўзятараў. «Дынама» будзе гуляць хатнія паядынкі ў азербайджанскім Сумгаіце.

Сёння «Дынама» і згуляе там з шатландскім «Хартсам». Пачатак гульні ў 19:45. Матчы абяцае паказваць СТБ.

3 кастрычніка. Дынама (Мінск) — Хартс (Шатландыя) (пачатак 19:45)
24 кастрычніка. ХІК (Фінляндыя) — Дынама (Мінск) (22:00)
7 лістапада. Легія (Польшча) — Дынама (Мінск) (20:45)
28 лістапада. Дынама (Мінск) — Капенгаген (Данія) (20: 45)
12 снежня. Дынама (Мінск) — Ларн (Паўночная Ірландыя) (20: 45)
19 снежня. Панацінаікас (Грэцыя) — Дынама (Мінск) (23:00).

Апошні раз беларускія клубы гулялі ў асноўным раўндзе еўракубкаў увосень 2018 года. Тады барысаўскі БАТЭ выступаў у групавым турніры Лігі Еўропы.

Nashaniva.com