Колькасць палітвязняў апусцілася ніжэй за 1300 чалавек. Гэта найменшы лік за два гады

Паўгода назад праваабаронцы казалі пра больш чым 1500 чалавек, якія знаходзяцца ў зняволенні па палітычных прычынах.

03.10.2024 / 01:20

Фотаздымкі беларускіх палітычных зняволеных на пікеце ў Вільні

На гэты момант у спісе палітвязняў на сайце «Вясны» знаходзяцца 1287 чалавек. Гэта агромністая лічба, якая сведчыць пра тое, што ўзровень рэпрэсій, якія разгарнуліся па ўсёй краіне пасля выбараў-2020, усё яшчэ зашкальвае.

Разам з тым апошнім часам назіраецца тэндэнцыя на скарачэнне колькасці палітвязняў. Напрыклад, паўгода назад праваабаронцы казалі пра больш чым 1500 чалавек. Апошні раз колькасць палітвязняў трымалася на ўзроўні каля 1300 чалавек летам 2022 года.

За кошт чаго зараз зменшылася колькасць палітвязняў?

Безумоўна, маюць значэнне некалькі хваляў памілавання. За апошнія месяцы датэрмінова выйшлі на свабоду 120 чалавек. Частка з іх не дасядзела да канца тэрміну ўсяго месяц-два ці нават некалькі тыдняў, аднак ёсць і тыя, у каго зрэзалася адчувальная частка тэрміну.

Штомесяц дзясяткі палітвязняў выходзяць, адбыўшы свае тэрміны да канца. Ужо вызвалілася абсалютная большасць каментатараў, асуджаных пасля забойства праграміста Андрэя Зельцэра — а гэта сотні чалавек. Выходзяць на свабоду тыя беларусы, хто былі арыштаваныя на першых жнівеньскіх пратэстах і атрымалі 4-5 гадоў зняволення.

Да таго ж трэба разумець, што ў цяперашніх умовах, калі любы кантакт з праваабаронцамі пагражае новай крымінальнай справай, «Вясна» не заўжды хутка атрымлівае інфармацыю пра вызваленне зняволеных. Любая паўнавартасная пераправерка спісу палітвязняў прыводзіць да таго, што можна знайсці некалькі дзясяткаў чалавек, у якіх ужо адназначна скончыўся тэрмін. Некалькі такіх «інспекцый» — і спіс палітвязняў скарачаецца істотна.

Ці можна лічыць, што зараз у Беларусі 1287 палітвязняў? Натуральна, не

У спісах праваабаронцаў няма дзясяткаў (а можа, і сотняў) чалавек, пра затрыманне якіх грамадства проста не ведае. Частка іх трапляе ў спіс палітвязняў пасля судоў, але і ў гэтай сістэме ёсць выключэнні. Дастаткова згадаць гісторыю з немцам Крыгерам — пра арышт якога ніхто і не ведаў.

Ці можна лічыць, што градус рэпрэсій змяншаецца? Таксама не

Па-ранейшаму людзей хапаюць за каментары, за данаты, за ўдзел у даўніх пратэстах. Дзясяткі палітвязняў атрымліваюць дадатковыя тэрміны за «непадпарадкаванне» адміністрацыі калоніі. Прававое бяспраўе трымаецца на пікавым узроўні.

Nashaniva.com