У Польшчы пакуль не могуць стварыць «Украінскі легіён» — няма ахвотных
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш заявіў у інтэрв'ю парталу Wirtualna Polska, што польскія ўлады пакуль што не знайшлі дастатковай колькасці ўкраінцаў, якія жывуць у Польшчы і жадаюць уступіць у «Украінскі легіён», каб адправіцца на радзіму ваяваць.
02.10.2024 / 19:51
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш. Фота: AP Photo/Czarek Sokolowski
Паводле слоў Косіняка-Камыша, Кіеў рабіў гучныя заявы адносна нібыта гатовых далучыцца да УСУ ўкраінцаў з Польшчы. Гаворка ішла пра тысячы ахвотных, але насамрэч польскім уладам пакуль не ўдалося сфармаваць нават адной брыгады.
«Мы не нясём адказнасці за вярбоўку. Колькасць людзей, якія павінны былі вызвацца з украінскага боку, занадта малая. Чаканні на пачатку былі вельмі высокімі — што можа быць сфармаваная нават адна брыгада, г.зн. некалькі тысяч чалавек. Аднак гэтага не адбылося», — заявіў Косіняк-Камыш.
Перад гэтым у ліпені гэтага года было падпісана ўкраінска-польскае абарончае пагадненне. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі тады заявіў, што на тэрыторыі Польшчы плануецца сфармаваць падраздзяленне пад назвай «Украінскі легіён». Гэтае добраахвотнае фармаванне будзе праходзіць падрыхтоўку ў Польшчы, за яго забеспячэнне будуць адказваць саюзнікі Украіны, а Украіна бярэ на сябе вярбоўку.
У верасні кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі заяўляў:
«Мы са свайго боку даўно ўсё зрабілі. Цяпер чакаем украінскіх прызыўнікоў ці добраахвотнікаў».
Па яго словах, у Польшчы знаходзяцца тысячы людзей, зарэгістраваных у базе Украіны.
«Многія з іх сапраўды хочуць служыць і замяніць сваіх суайчыннікаў, але яны кажуць: мы не хочам быць адпраўленымі ў бой, не будучы належным чынам навучанымі і экіпіраванымі», — растлумачыў Сікорскі.
Пасол Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч у сёлетнім маі заявіў, што да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў Польшчы жылі ад 1,5 да 2 млн украінцаў, яшчэ 1,3 млн выехалі туды пасля 24 лютага 2022 года. Па стане на май 2024 года ў Польшчы таксама заставалася каля 950 тыс. бежанцаў, не лічачы ўкраінскіх грамадзян, якія жывуць там, працуюць і плацяць падаткі.
Сікорскі прапанаваў перадаць Крым на 20 гадоў пад мандат ААН
«Польшча тоне». Масква арганізавала новую аперацыю па дэзынфармацыі, беларускія сілавікі на падхваце
Пазняк прапанаваў стварыць аналаг «Белсата» — украінскі тэлеканал з вяшчаннем на Беларусь