Армія Ізраіля вядзе жорсткія баі на поўдні Лівана

Рух «Хезбала» заявіў пра першыя з пачатку ізраільскай ваеннай аперацыі ў Ліване боесутыкненні з ізраільскімі вайскоўцамі. ЦАХАЛ разгортвае ў Паўднёвым Ліване другую дывізію.

02.10.2024 / 15:28

Баі на поўдні Лівана. Фота: Baz Ratner / AP

Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) у сераду заявіла аб «жорсткіх баях» у Паўднёвым Ліване і заклікала жыхароў рэгіёну не наведваць раёны на поўдзень ад ракі Літані. Незадоўга да гэтага рух «Хезбала» паведаміў аб першым з пачатку ізраільскай ваеннай аперацыі ў Ліване боесутыкненні з ізраільскімі вайскоўцамі каля населенага пункта Адайсе на поўдні краіны, піша Deutsche Welle.

У «Хезбале» сцвярджаюць, што баевікі руху нанеслі ізраільцянам страты і прымусілі іх адступіць. Акрамя таго, яны заявілі аб нанясенні ракетна-артылерыйскага ўдару па буйным скапленні ізраільскіх войскаў у раёне населенага пункта Місгаў-Ам на поўначы Ізраіля, і аб ракетных ударах па пазіцыях ЦАХАЛ у трох іншых месцах.

Па даных ізраільскага камандавання, раніцай у сераду з Лівана па Ізраілі запусцілі 50 рэактыўных снарадаў. У населеным пункце Метула, асноўную частку жыхароў якога эвакуявалі, пашкоджаныя 10 дамоў.

ЦАХАЛ разгортвае другую дывізію ў Ліване

Тым часам ізраільцяне разгарнулі на поўдні Лівана другую дывізію для наземных аперацый супраць «Хезбалы». 36-я дывізія перасекла мяжу ўслед за 98-й дывізіяй, якая ўвайшла ў Ліван у ноч на аўторак.

Ізраільскія вайскоўцы заклікалі эвакуявацца цывільных асобаў з двух дзясяткаў вёсак на поўдні Лібану. У заяве ЦАХАЛ падкрэсліваецца, што любы будынак, які выкарыстоўваецца «Хезбалой» для ваенных патрэб, з'яўляецца цэллю. Напярэдадні такое прадпісанне атрымалі жыхары яшчэ 28 ліванскіх вёсак.

Nashaniva.com