Драма былога міністра «ЛНР», якога знайшлі нежывым — смерць калег, выкрытае жыццё на дзве сям’і, запой

У Падмаскоўі знайшлі цела былога міністра энергетыкі «ЛНР». Побач з 50-гадовым Канстанцінам Завізенавым знайшлі агнястрэльную зброю — следчыя адразу вызначылі, што ён скончыў жыццё самагубствам.

02.10.2024 / 11:25

Канстанцін Завізенаў, фота Mash

Расійскія СМІ ў падрабязнасцях пераказваюць жыццёвую драму чыноўніка, якая прывяла да таго выніку.

Год таму ён звольніўся з міністэрскай пасады ў «ЛНР». Расказваў блізкім, што стаміўся хаваць калег — каля дзесяці чалавек, з якімі ён працаваў, загінулі за час сумеснай працы.

Калі вярнуўся дадому, пачаліся праблемы ў сям’і — а ў Завізенава з жонкай было чацвёра сыноў. Жонка выпадкова знайшла ў яго разблакаваным тэлефоне перапіску з каханкай. Высветлілася, што ў чыноўніка цэлых 18 гадоў была іншая жанчына, да якой ён увесь гэты час ездзіў у «камандзіроўкі» ў Ніжні Ноўгарад. Ёсць і пазашлюбная дачка, прычым яна вучыцца ў адным універсітэце са старэйшым сынам Завізенавых.

Жонка паведаміла аб разводзе і вывезла ўсе рэчы чыноўніка ў іншую кватэру.

Далей — больш. З працы, куды Завізенава ўзялі пасля «ЛНР», яго таксама звольнілі.

Апошнія некалькі тыдняў жыцця экс-чыноўнік правёў у запоі. «Калі выпіваў, пытаўся ў блізкіх: «За што вы так са мной?» — цытуе яго словы канал ВЧК-ОГПУ.

Урэшце Завізенаў адправіў паведамленні родным і блізкім з развітальнымі словамі.

Па словах сына экс-чыноўніка, у апошні вечар бацька піў гарэлку і гутарыў з ім аб жыцці. Потым ён планаваў паехаць спаць у гатэль, а раніцай узяць ружжо і рушыць на паляванне на Камчатку. З гэтага ружжа Завізенаў і застрэліўся.

Nashaniva.com