«Камароў няма, таму што бацька іх не любіць». Полька з'ездзіла ў Беларусь і напісала пра гэта захоплены пост

Полька Бажэна Ф. у верасні наведала Беларусь па бязвізе і падзялілася сваімі ўражаннямі ў сацсетках. Яе захапілі чысціня вуліц, якасць інтэрнэту, ежа ў рэстаранах, а яшчэ яна абвергла сцвярджэнне, што беларусы не гавораць пра палітыку. Праўда, многія яе назіранні беларусаў здзівяць, піша Most.

02.10.2024 / 10:25

Уезд у Беларусь. Фота: Hrodna.life

Сваю справаздачу аб паездцы полька пачала з напаміну: «Беларусы — гэта не рускія, з якімі ў нас [палякаў] больш заблытаная гісторыя. З беларусамі мы жылі ў адной дзяржаве амаль паўтысячагоддзя, гэта тут адчуваецца, і бачна, што важна, — тут ніхто нічога не перабольшвае».

«Польскія памежнікі зробяць усё, каб вы прыехалі як мага пазней»

Бажэна дала падрабязныя інструкцыі па перасячэнні мяжы. На яе думку, зручней і танней за ўсё сесці ў Варшаве на цягнік да Тарэспаля, а адтуль дабірацца аўтобусам да Брэста за 40—50 злотых з чалавека.

Калі знайсці на вакзале аўтобус не ўдасца (хаця полька пра такое не чула), яна рэкамендуе даехаць да мяжы на таксі, а там падысці да першага аўтобуса ля шлагбаума і купіць білеты на месцы. Кошт будзе той жа, што і на вакзале. А вось зваротны білет на цягнік з Тарэспаля да Варшавы яна рэкамендуе загадзя не купляць: з-за сітуацыі на мяжы адгадаць, калі апынешся на вакзале, немагчыма.

Адказнасць за тое, што адбываецца на мяжы, жанчына ўскладае на польскую пагранслужбу. На яе думку, пагранічнікі зробяць усё, каб турысты прыехалі як мага пазней. Калідор, праз які яна дабіралася, абслугоўвалі дзве дзяўчыны гадоў дваццаці з шаўронамі капралаў Памежнай службы. У выніку зваротны шлях з Брэста ў Тарэспаль заняў у турысткі шэсць гадзін.

«Кажуць, што беларусы запалоханыя і не гавораць пра палітыку, — глупства»

Першае, што абвергла полька, — гэта страх беларусаў абмяркоўваць палітыку. Праўда, яна прывяла даволі дзіўную сітуацыю.

«Кажуць, што беларусы запалоханыя і не гавораць пра палітыку, — глупства. Напрыклад, я спытала: «Як так, што ў Тарэспалі ёсць камары, а ў вас у Брэсце іх няма?» Адказ: «Можа, таму што бацька іх не любіць».

Таксама полька абвергла асцярогі, што ў Беларусі не працуюць карты міжнародных плацежных сістэм, у тым ліку Visa. Але прызнала, што ў некаторых месцах карты могуць не спрацоўваць ці вісіць папярэджанне, што там прымаюць толькі нацыянальныя карты.

«Я б хацела такі інтэрнэт у сябе на працы»

Асобна жанчына звярнула ўвагу на працу інтэрнэту:

«Кажуць, што ён там дрэнна працуе, — гэта глупства. Я б хацела такі інтэрнэт у сябе на працы».

Яна распавяла, што сім-карту можна купіць у першым месцы, што трапіла, а безлімітны інтэрнэт і 600 хвілін гутарак абыдуцца ў 28—31 злоты. Ёсць і таннейшыя варыянты, але з абмежаваннямі.

Яшчэ адно захапленне Бажэны — таннасць гарадскога транспарту: тралейбусаў і маршрутак. Яна напісала, што білет каштуе каля 30 капеек (на самай справе 80 капеек. — Заўв. MOST).

«Я б не затлумлялася з гэтым, бо за кошт польскага трамвайнага квітка можна ўзяць таксі амаль да любога пункта горада — за 3,5—4,5 злотага», — рэкамендавала жанчына. Адзін раз, праўда, яна заплаціла 7 злотых (каля 6 рублёў).

Бажэна лічыць, што прасцей за ўсё ў кафэ ці гатэлі даць свой тэлефон персаналу і папрасіць замовіць таксі:

«Час чакання — максімум 7 хвілін. Калі хочаце хутчэй, давядзецца заплаціць 2 рублі за «экспрэс».

«Вуліцы чыстыя, амаль як нашы радзільныя аддзяленні»

Полька звярнула ўвагу, што прыбіральні часцей за ўсё бясплатныя, а плаціць трэба, напрыклад, у парках. Але яна як пенсіянерка наведвала прыбіральні бясплатна.

Акрамя таго, жанчына расказала, што ў некаторыя дні ў магазінах дзейнічаюць зніжкі для пенсіянераў, якія могуць дасягаць 35%. Спадарожнік Бажэны купіў пінжак Westbury са 100%-й воўны за 94 рублі, гэта значыць крыху больш за сто злотых. У Польшчы, паводле яе падлікаў, такой каштаваў бы 600-700 злотых, калі не больш.

У адзнацы чысціні на вуліцах Бажэна не арыгінальная. Але яна звярнула ўвагу, што беларусы кідаюць недакуркі толькі ў смеццевыя бакі.

«Тут вуліцы чыстыя, амаль як нашы радзільныя аддзяленні», — захапляецца Бажэна.

«Санкцыі — гэта фікцыя і падман»

Асобных кампліментаў жанчыны ўдастоіліся кафэ і рэстараны.

Пажарскія катлеты (тры штукі ў порцыі) з бульбянымі лустачкамі каштавалі 22 рублі. А за шашлык, плоў, фрыкадэлькі з бараніны, селядзец з запечанай бульбай, «яшчэ нешта», 1,5 літра апельсінавага соку, дзве бутэлькі «Баржому» і яшчэ алкаголь турысты заплацілі 130 рублёў.

Бажэна сцвярджае, што ў Беларусь вярнуліся амаль усе сусветныя кампаніі, хаця часта іх прадукцыя прадаецца пад іншымі брэндамі.

«Санкцыі — гэта фікцыя і падман», — пракаментавала жанчына.

Полька не абмінула ўвагай адну з упадабаных тэм беларускай прапаганды — якасць прадуктаў.

«Гэта адзіная вядомая мне краіна, дзе забаронена выкарыстанне неарганічных кансервантаў», — напісала яна. Насамрэч гэта не так: неарганічныя кансерванты ў Беларусі прымяняюцца.

Пакарылі Бажэну сыры і марожанае, якое робіцца з вяршкоў прама на вачах пакупнікоў. Пры гэтым яна нагадала суайчыннікам, што польскія кантрольныя службы не прапусцяць малочныя прадукты з Беларусі, а таксама пра ліміты на ўвоз цыгарэт і алкаголю.

Nashaniva.com