13 чалавек у Расіі атрымалі ад чатырох да 23 гадоў па справе аб дыверсіях

Вайсковы суд у расійскай Чыце прысудзіў групу з 13 чалавек да тэрмінаў ад чатырох да 23 гадоў па справе аб дыверсіях і падрыхтоўцы да тэракту, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.

02.10.2024 / 09:21

На лаве падсудных аказаліся Ягор Кусанец, Уладзіслаў Тургушаў, Арцём Бегаян, Даніл Валабуеў, Яўген Елізараў, Ілля Дземешаў, Канстанцін Зельцаў, Амал Ігамбердзіеў, Мацвей Кірылаў, Караматулах Нематулоеў, Васіль Ніжагародаў, Аляксей Ніфантаў і Кірыл Шэхтар.

Па версіі следства, са снежня 2022 года па студзень 2023 года ўдзельнікі групы здзейснілі 13 дыверсій на аб'ектах чыгуначнай і энергетычнай інфраструктуры «на тэрыторыях горада Масквы і Краснаярскага краю». Акрамя таго, яны нібыта планавалі падпаліць шматмэтавыя знішчальнікі ў адной з вайсковых частак у Прымор'і.

Следства мяркуе, што такім чынам удзельнікі групы хацелі прымусіць расійскія ўлады спыніць вайну ва Украіне.

Суд прызначыў 20-гадоваму Ягору Кусанцу 23 гады пазбаўлення волі, Уладзіславу Тургушаву — 21 год, Арцёму Бегаяну — 20 гадоў, Іллі Дземешаву — 19 гадоў. Астатнія асуджаныя атрымалі ад васьмі з паловай да 16 гадоў пазбаўлення волі. Аляксею Ніфантаву прызначылі 4 гады за дапамогу.

***

Пасля ўварвання ва Украіну ў Расіі пачасціліся выпадкі дыверсій на чыгунцы і іншых аб'ектах інфраструктуры. За падпалы часта затрымліваюць вельмі маладых людзей. 

У выніку падпалаў ніхто не загінуў. Затрыманым па абвінавачванні пасля вясны 2022 года, калі выпадкі сталі масавымі, часцей за ўсё ставяць у віну артыкул аб тэрарызме. Больш за 30 спраў ужо завяршыліся прысудам, самы суровы з якіх — 19 гадоў калоніі — далі двум антываенным актывістам за падпал будынка гарадской адміністрацыі ў Чалябінскай вобласці.

Nashaniva.com