57-гадовага віцебскага байкера будуць судзіць па палітычнай крыміналцы за данаты

Начальніку кацельні Віцебскага маслаэкстракцыйнага завода Уладзіміру Сітковічу пагражае да пяці гадоў калоніі.

02.10.2024 / 10:00

Уладзімір Сітковіч. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Уладзіміру Сітковічу 57 гадоў. Родам ён з малой вёскі Пушча Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. У 1991 годзе скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Доўгі час Уладзімір працаваў і жыў у Віцебску, а апошнія гады кіраваў кацельняй на Віцебскім маслаэкстракцыйным заводзе.

Уладзімір — байкер, удзельнічаў у мясцовых байкерскіх заездах.

У 2016, 2018 і 2019 гадах ён быў назіральнікам на мясцовых ды парламенцкіх выбарах. Пра іншую палітычную актыўнасць Уладзіміра невядома, сацсеткі мужчыны таксама нейтральныя.

Упершыню пра яго пісалі ў маі 2024 года. Тады яму далі адны суткі за падпіску на «Краіну для жыцця» ў тыктоку. Але, падобна, што на гэтым яго пераслед не скончыўся.

Уладзіміра пачнуць судзіць па крымінальнай справе 14 кастрычніка 2024 года. Яго абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-2 КК). Мужчыне пагражае да пяці гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачанняў невядомая.

Судзіць Уладзіміра будзе Яўген Буруноў. Першы раз Буруноў удзельнічаў у палітычным крымінальным працэсе яшчэ ў 2011 годзе, тады судзілі Сяргея Каваленку за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг у Віцебску. З 2020-га Буруноў вынес больш за 20 палітычна матываваных крымінальных прысудаў.

Як пераход па спасылцы або прагляд чужога профілю могуць вас выдаць у TikTok

Як надзейна пачысціць акаўнт у TikTok — падрабязны гайд

Падобна, двух топ-чыноўнікаў з Мінфіна і Мінтранса судзяць за хабар і «здраду дзяржаве»

Nashaniva.com