Генпракуратура абурылася продажам дронаў кампаніяй Wildberries у Беларусі

Намеснік генпракурора заявіў аб неабходнасці ліквідацыі парушэнняў дырэктару інтэрнэт-крамы Wildberries у Беларусі. Падставай стаў продаж беспілотнікаў фізічным асобам праз гэтую гандлёвую пляцоўку, паведаміла прэс-служба Генпракуратуры.

01.10.2024 / 14:56

Ілюстрацыйнае фота

Генпракуратура і мытня правялі праверку і высветлілі, што беларусы купляюць беспілотнікі і запасныя часткі да іх праз інтэрнэт-краму. Тавар жа дастаўляюць пры дапамозе міжнародных пасылак або кур'ерамі.

«Бескантрольны распаўсюд згаданай тэхнікі здольны аказаць негатыўны ўплыў на грамадскую бяспеку, бо павышае рызыкі яе выкарыстання ў супрацьпраўных мэтах, у тым ліку для парушэння грамадскага парадку, экстрэмісцкай дзейнасці і здзяйснення актаў тэрарызму», — паведамляе ведамства.

У верасні ўступіў у сілу ўказ Лукашэнкі «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў», які забараняе беларусам увозіць, захоўваць, прадаваць і вырабляць беспілотнікі, а таксама карыстацца імі.

Nashaniva.com