У летніх патопах у Мінску вінавата таксама будаўніцтва метро
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў на сустрэчы ў Мінскім гандлёвым каледжы патлумачыў, чаму гэтым летам сталіцу пасля залеваў затаплівала мацней, чым звычайна.
01.10.2024 / 10:22
Залева 18 ліпеня ў Мінску. Фота Onliner.by
Па словах Уладзіміра Кухарава, глабальных падтапленняў у Мінску няма, «вада сыходзіць на працягу гадзіны-паўтары».
«Але сёлета сваю ролю адыгралі два фактары: рэкордная колькасць ападкаў і перанос вялікай колькасці сетак і камунікацый, звязаны з будаўніцтвам метро», — цытуюць яго Мінск-навіны.
Гэтым летам самая моцная залева здарылася ў сталіцы 18 ліпеня: дождж працягваўся каля гадзіны, і за гэты час у некаторых раёнах горада выпала да 90 мм ападкаў (амаль месячная норма).